Магілёўліфтмаш

«Магілёўліфтмаш» абяцае ліфт для хмарачосаў – ужо тры гады

Генеральны дырэктар ААТ «Магілёўліфтмаш» Руслан Страхар паабяцаў на выставе «Інапрам. Беларусь», што да канца года завод выведзе на рынак ліфт з хуткасцю чатыры метры за секунду.
Паводле слоў гендырэктара, такая мадэль дазволіць аснашчаць дамы вышынёй да двухсот метраў – гэта значыць хмарачосы. Там жа паказалі кабіну ліфта для маскоўскіх новабудоўляў: у 2026 годзе яго, як запэўнівае Страхар, цалкам мадэрнізавалі, і ён стаў цішэйшым, хутчэйшым і зручнейшым.
Навіной гэта выглядае толькі для тых, хто не сочыць за прыгодамі Страхара і яго завода.
Тэрмін у хуткаснага ліфта зрушваецца кожны год:

  • у лістападзе 2023 года намеснік галоўнага інжынера Юрый Чарнагрэбель абвясціў, што распрацаваць і выпрабаваць такі ліфт трэба будзе ў 2024 годзе;
  • летам 2025 года сам Страхар ставіў задачу выпрабаваць і запатэнтаваць яго да канца года;
  • восенню 2025 года тэрмін назвалі іншы – сертыфікацыя да канца года;
  • цяпер гаворка ідзе пра выхад на рынак да канца 2026 года.

Да канца і гэтага тэрміну засталося тры месяцы.

Пакуль хуткасны ліфт пераязджае з года ў год, са звычайнымі ў завода хапае сваіх клопатаў:

  • у снежні 2025 года Мінпрам вынес Страхару вымову за правал экспарту;
  • у студзені 2026 года партыя з тысячы ліфтаў, пастаўленых у Расію, аказалася бракаванай, і прадукцыю пачалі вяртаць на завод;
  • у красавіку на пасяджэнні аблвыканкама гендырэктар прызнаў зніжэнне аб’ёмаў і патлумачыў яго «складанымі працэсамі» на расійскім рынку.

На гэты рынак ідзе больш за 80 працэнтаў прадукцыі завода, і мадэрнізаваную кабіну на «Інапраме» паказвалі менавіта для яго.
У магілёўцаў да ліфтаў свае пытанні. Карыстальнікі скардзяцца на паломкі па адзін-два разы на месяц, на дзверы і на захрасанні паміж паверхамі, калі ў кабіне даводзілася сядзець больш за гадзіну.
У мінулым лістападзе ў адным з дамоў Магілёва ў ліфце знайшлі дзве цагліны: жыхары патлумачылі, што кабіна не кранаецца з дзіцем – не хапае вагі.
Хмарачосаў вышынёй дзвесце метраў у Магілёве няма. А ў дамах, дзе дзіця едзе на свой паверх толькі ў кампаніі цагліны, не хапае відавочна не чатырох метраў за секунду.

Фота ведамаснага сайта аблвыканкама. Руслан Страхар (другі справа) і Генадзь Дзенгалеў (першы справа), у той час абодва намеснікі старшыні аблвыканкама. Дзенгалеў цяпер у СІЗА КДБ.

← Усе навіны Магілёва