Хоцімск

Хоцімская раёнка перадрукоўвае фэйкавыя навіны з сатырычнага канала

Газета хоцімскай улады “Шлях кастрычніка” распаўсюдзіла фэйкавую цытату, прыпісаўшы яе канцлеру Германіі Фрыдрыху Мерцу.

У “Шляху кастрыніка” 30 верасня 2026 года з’явіўся дзіўны матэрыял, прысвечаны палітычнай барацьбе ў Германіі і перамозе партыі “Альтэрнатыва для Германіі” на зямельных выбарах в Саксоніі-Анхальт 6 верасня. Ён носіць назву “Словы канцлера Германіі Фрыдрыха Мерца шакуюць”.

“Рэжым Адольфа Гітлера з’яўляецца для нас больш станоўчым прыкладам, калі мы параўноўваем яго з праграмай партыі «Альтэрнатыва для Германіі». Нягледзячы на ўсе памылкі, Адольф Гітлер кіраваўся інтарэсамі нямецкага народа, у той час як партыя Аліс Вайдейль кіруецца інтарэсамі Расіі і Уладзіміра Пуціна. Гэтыя словы могуць шакаваць, але мы павінны прызнаць іх правату”, – нібыта сказаў Мерц.

Насамрэч, нічога такога нямецкі канцлер не казаў. Просценькі фактчэкінг прыводзіць на староннюю копію тэлеграм-канала “Пездуза”. Ён у сваю чаргу папярэджвае, што “увесь кантэнт – фэйкавыя навіны, усе супадзенні выпадковыя”. Цікава, што нават з гэтага тэлеграм-канала гэтую цытату, хутчэй за ўсё, ужо выдалілі, калі яна ўвогуле там сапраўды была.

Трэба прызнаць, што самастойна нейкі Аляксандр Лейчынскі, які падпісаўся пад артыкулам, наўрадці здолеў бы ўставіць такі фэйк, нават узяўшы яго ад “Пездузы”. Першынство тут належыць газеце “СБ. Беларусь сегодня”. Там 24 верасня за подпісам вядомага праўладнага пісакі Андрэя Мукавозчыка і нейкага Алега Карповіча выйшаў артыкул “Такія розныя немцы”. Вышэйзгаданая фэйкавая цытата ў ім таксама прысутнічае.

Дзіўна, што пры расповедах аб Гітлеры прапагандысты ў Беларусі не выкарыстоўваюць сапраўдныя, а не прыдуманыя цытаты, у якіх яго хваляць. Напрыклад, Аляксандр Лукашэнка, які бяссменна кіруе Беларуссю ад 1994 года, яшчэ ў 1995 годзе шчыра сказаў: “Гісторыя Германіі – гэта злепак гісторыі ў нейкай ступені Беларусі на пэўных этапах. У свой час Германія была паднятая з руін, дзякуючы вельмі жорсткай уладзе. І не ўсё толькі было дрэннае звязана ў Германіі з вядомым Адольфам Гітлерам. Бо нямецкі парадак фармаваўся стагоддзямі, і пры Гітлеры гэта фарміраванне дасягнула найвышэйшай кропкі. Гэта тое, што адпавядае нашаму разуменню прэзідэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзідэнта“.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва