Жыхар Асіповіцкага раёна і двое барысаўчан распрацавалі схему выкрадання вялікай сумы грошай з маршрутнага мікрааўтобуса Мінск-Масква.
Звычайная просьба перадаць у Маскву кардонную скрынку з грашыма ператварылася ў старанна падрыхтаванае выкраданне. Паводле абвінавачання, 49-гадовы жыхар Асіповіцкага раёна, які сам займаўся пасажырскімі перавозкамі паміж Беларуссю і Расіяй, вырашыў прысвоіць чужую «пасылку» з дапамогай двух знаёмых з Барысава.
Як вынікае з матэрыялаў справы, мужчыну папрасіла аб дапамозе знаёмая, якая таксама займалася перавозкамі. Ён забраў у жыхара Мінска кардонную скрынку, якую трэба было даставіць у Маскву. Адпраўнік сказаў, што ўнутры знаходзіцца «невялікая» сума грошай. Праўда, невялікай яна была хіба паводле вельмі спецыфічных уяўленняў пра грошы: у скрынцы ляжалі больш за 100 тыс. еўра і 11 тыс. долараў.
Ведаючы пра каштоўны груз, жыхар Асіповіцкага раёна, паводле абвінавачання, далучыў да справы двух барысаўчан 22 і 37 гадоў. Старэйшы з іх раней ужо быў судзімы за рабаванне, разбой і махлярства.
Ролі размеркавалі загадзя. 49-гадовы мужчына ехаў разам з жанчынай-кіроўцам у мікрааўтобусе і павінен быў паведамляць падзельнікам маршрут і месцы прыпынкаў, а ў патрэбны момант адцягнуць яе ўвагу.
Двое іншых ехалі следам на легкавым аўтамабілі. 22-гадоваму адводзілася роля кіроўцы, які павінен быў хутка вывезці ўдзельнікаў з месца крадзяжу. 37-гадовы мужчына мусіў прабрацца ў мікрааўтобус і забраць скрынку.
Першая спроба адбылася раніцай 28 снежня 2025 года на аўтазапраўцы ў Барысаўскім раёне, але тады скрасці грошы не атрымалася. Ад задуманага мужчыны, паводле матэрыялаў справы, не адмовіліся і паехалі за мікрааўтобусам далей, ужо ў Смаленскую вобласць.
На іншай запраўцы зручны момант усё ж надышоў. Кіроўца мікрааўтобуса разам з 49-гадовым спадарожнікам зайшла ў кавярню. У гэты час адзін з падзельнікаў пранік у салон і забраў кардонную скрынку.
Пасля гэтага двое мужчын з’ехалі на легкавіку, а пазней усе трое падзялілі паміж сабой больш за 100 тыс. еўра і 11 тыс. долараў.
Якім чынам яны былі знойдзены і затрыманы, пракуратура не паведамляе, але інфармуе, што ўжо накіравала справу ў суд. Усім тром інкрымінуюць крадзеж у асабліва буйным памеры, учынены групай асоб, а аднаму – яшчэ і паўторнасць. Абвінавачаныя застаюцца пад вартай.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
