Намеснік абласнога пракурора Андрэй Волкаў прапанаваў прыцягнуць міліцыю да пракурорскай барацьбы з карупцыяй на Краснапольшчыне.
Пра сур’ёзныя ўпушчэнні па папярэджанні карупцыйных праяў у 2026 годзе распавяла пракурор Краснапольскага раёна Зоя Аляксюціна на нейкай каардынацыйнай нарадзе пад яе старшынствам. Аднак пра гэтыя ўпушчэнні, хутчэй за ўсё добра ведалі на абласным узроўні, бо нездарма да краснапольскіх сілавікоў прыехалі намеснік пракурора Магілёўскай вобласці Андрэй Волкаў і намеснік начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама Яўген Буцько.
“У ходзе ажыццяўлення нагляднай дзейнасці ўстаноўлена, што раённая камісія па супрацьдзеянні карупцыі не заўсёды прымае неабходныя меры, накіраваныя на папярэджанне і спыненне карупцыйных праяў, не кантралюе выкананне ўласных рашэнняў, своечасова не разглядае на сваіх пасяджэннях запланаваныя пытанні», – канстатавала Зоя Аляксюціна. Што ў гэтым плане прадпрыняла раённая пракуратура – не паведамляецца.
Потым удзельнікі нарады, як адзначае абласная пракуратура, пачалі дзяліцца меркаваннямі і прапановамі, як палепшыць сітуацыю. Выступіў і Волкаў, які ініцыяваў правядзенне з міліцыяй сумесных антыкарупцыйных праверак у дзяржаўных арганізацыях. Ці падтрымаў такую ініцыятыву намеснік начальніка абласной міліцыі, таксама не паведамляецца.
А яшчэ пракурор з вобласці, пэўна палічыў, што на Краснапольшчыне людзям не хапае антыкарупцыйных ведаў, таму адзначыў неабходнасць прыняцця дадатковых мер прафілактычнага характару, прапанаваў арганізаваць навучальны семінар, накіраваны на дэталёвае вывучэнне дзяржаўнымі службовымі і прыраўнаванымі да іх асобамі патрабаванняў антыкарупцыйнага заканадаўства.
Фотаздымак: prokuratura.gov.by
