Бялынічы герб

Дзень у гісторыі. 4 кастрычніка. Магдэбургскае права для Бялынічаў. Першы спадарожнік Зямлі. Загінуў Машэраў

Сусветны дзень абароны жывёл (з 1931 года). 

Адзначаецца ў дзень смерці ў 1223 годзе святога Францішка, апекуна жывёл.

Мэта дня – прыцягнуць увагу зямлян да неабходнасці гуманнага і адказнага стаўлення да жывёл, цяжкага становішча жывёльнага свету на нашай планеце.

Штогадзіны на Зямлі беззваротна знікаюць 3 віды жывёл.

За апошнія дзесяцігоддзі біялагічная разнастайнасць Зямлі скарацілася больш чым на траціну.

1582 год. Жыхары Вялікага княства Літоўскага перайшлі на Грыгарыянскі каляндар.

Яны, як і насельнікі еўрапейскіх краін, ляглі спаць у чацвер 4 кастрычніка, а прачнуліся на наступны дзень – у пятніцу 15 кастрычніка.

Лік дзён быў перадзвінуты на 10 дзён наперад.

Рэформу календара правеў папа Рыгор XIII.

Ён замяніў старую сістэму лічэння паводле юліянскага календара на новую і ліквідаваў назапашанную розніцу ў 10 дзён.

Пры далучэнні зямель Вялікага княства да Расійскай імперыі ў 1772-1795 гадах, насельніцтва зноў вярнулася да традыцыі юліянскага календара.

Новае летазлічэнне ў Савецкай Расіі з’явілася толькі ў лютым 1918 года, 14 лютага.

Папа Рыгор

1634 год. Бялынічы атрымалі грамату на магдэбургскае права.

Горад упершыню згадваецца з сярэдзіны XVI ст. як сяло ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. З пачатку XVII ст. – уласнасць Сапегаў. У 1624 годзе Лаў Сапега заснаваў тут манастыр кармелітаў — адзін з найбагацейшых у ВКЛ. У манастыры знаходзіўся Бялыніцкі абраз Божай Маці, шанаваны хрысціянамі розных канфесій. Праз шматлікія працэсіі і паломніцтва да яе Бялынічы зваліся Беларускай Чанстаховай.

Бялынічы кармеліты

1854 год. У вёсцы Мужычок (зараз в. Азёрная, Хоцімскі раён) нарадзіўся Ерафей Касценіч

Вядомы хірург-афтальмолаг. Кіраваў Пецярбургскай вочнай лячэбніцай, менавіта ён вярнуў зрок Дзмітрыю Мендзялееву.

Мужычок

1890 год. Нарадзіўся Язэп Гладкі.

Беларускі этнограф, мовазнаўца, лексікограф і педагог..

Удзельнік першага Усебеларускага з’езда. Кавалер трох Георгіеўскіх крыжоў.

Арганізатар беларускага школьніцтва на Лагойшчыне.

Культурна-грамадскі дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША: аднавіў выдавецтва «Заранка» (выданне “Лемантара”), выкладаў беларускую мову на курсах у Нью-Ёрку.

Аўтар прац «Прыказкі Лагойшчыны», «Краёвы слоўнік Лагойшчыны», успамінаў.

1929 год. Памёр Пётр Сяўрук. Беларускі паэт.

Дзеяч Таварыства беларускай школы, Беларускай сялянска-работніцкай грамады.

Аўтар апавяданняў, допісаў, вершаў, фельетонаў.

Яго паэзіі ўласцівыя тэмы свабоды творчага самавыяўлення, традыцыйнага сялянскага наракання на нядолю і матывы хрысціянскай любові да людзей.

1955 год. Нарадзіўся Аляксандр Валовіч, галоўны архітэктар Магілёўскай вобласці.

Аўтар гасцініцы «Турыст» (разам з Г .Бараховым), будынку «Белбізнесбанка» (разам з І. Іванчыкавай), будынку БІП на пл.Арджанікідзэ.

Валовіч архітэктар

1957 год. На калязямную арбіту выведзены першы ў свеце штучны спадарожнік Зямлі.

Спадарожнік запушчаны ракетай-носьбітам з казахстанскага касмадрома Байканур. Ён лётаў 92 дні і здзейсніўшы 1440 абаротаў вакол Зямлі (каля 60 мільёнаў км). ЗША свой спадарожнік запусцілі 1 лютага 1958 года.

На будынку Магілёўскага педінстытута па Ленінскай, 35, пад кіраўніцтвам географа С. Маісеева ў канцы 1957 года быў адкрыты першы ў Беларусі назіральны пункт за штучнымі спадарожнікамі.

Спадарожнік Зямлі

1976 год. Памёр  Юльян Сергіевіч. 

Беларускі паэт і настаўнік, самадзейны мастак. Грамадскі дзеяч Заходняй Беларусі, эміграцыі.

Працаваў у Камітэце беларускай самапомачы ў Берліне.

Арыштаваны НКУС у 1946 годзе. Вязень лагераў Поўначы, Сібіры, Казахстана.

Аўтар сцэнарыяў для самадзейных калектываў. Асобныя творы ўключаны ў зборнік «Ростані волі» (1990).

Размалёўваў насценныя кілімы, пісаў тэматычныя карціны з жыцця вёскі.

1978 год. Нарадзілася Марына Вежнавец. 

Беларуская балерына, заслужаная артыстка.

Вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі.

Працавала і выступала ў тэатрах Санкт-Пецярбурга, Парыжа, Лондана, Іспаніі.

1980 год. Перад самым прызначэннем на пасаду Старшыні Савета міністраў СССР у аўтакатастрофе загінуў Пётр Машэраў.

Беларускі палітычны дзеяч.

Першы сакратар ЦК КПБ (1965-1980), Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай працы.

Пры ім былі пабудаваны ў Магілёве многія буйныя прамысловыя прадпрыемствы, у тым ліку  “Хімвалакно”, “Ліфтмаш”, камбінат сілікатных вырабаў. Інтэнсіўна вялося жыллёвае будаўніцтва ў мікрараёнах “Мір”, “Юбілейны”, “Задняпроўе”, уступіў у строй тэлерэтранслятар, быў пушчаны тралейбус.

У Магілёве адсутнічаюць назвы ў яго гонар.

Машэраў гібель

1981 год. Памёр Часлаў Сіповіч. 

Грэка-каталіцкі біскуп, актыўны дзеяч беларускай эміграцыі ў Вялікабрытаніі. Доктар тэалогіі.

Заснавальнік Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны.

Член рэдкалегіі навуковага часопіса «The Journal of Byelorussian Studies».

Генерал ордэна айцоў марыянаў у Рыме.

Ганаровы віцэ-прэзідэнт Таварыства Яна Златавуста ў Лондане.

2007 год. Пайшоў з жыцця Яўген Будзінас.

Беларускі пісьменнік і журналіст.

Працаваў у рэдакцыях розных газет, часопісаў. Аўтар 7 кніг нарысаў, публіцыстыкі, раманаў. Выдавец серыі «Итоги века».

Стваральнік музея «Дудуткі» (1994).

← Усе навіны Магілёва