Бусел у клетцы. Шклоў рыхтуецца да Дажынак

Да абласнога свята «Дажынкі-2026» у Шклове застаўся тыдзень – фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі пройдзе 10 кастрычніка. Горад да яго фарбуюць і брукуюць, а каля прадпрыемстваў і ўстаноў выраслі тэматычныя арт-аб’екты: кожны калектыў рыхтаваў свой.
Раённая газета бачыць у інсталяцыях «асэнсаванае мастацкае выказванне», у якім адлюстраваліся вытворчыя традыцыі, прафесійны гонар і сувязь пакаленняў. На фотаздымках самой газеты выказванні выглядаюць так.
Белы бусел з распасцёртымі крыламі зачынены ўнутры драцянога глобуса. Канструкцыя стаіць на жалезнай падстаўцы каля аранжавага фасада, а па крузе яе абрамляе дуга ў чырвона-зялёных колерах лукашэнкаўскага сцяга.
Птушка, якую прынята лічыць сімвалам Беларусі і роднага дома, апынулася ў клетцы з мерыдыянаў і паралеляў. Такую метафару аўтары, мяркуючы па ўсім, не закладвалі.
Каля «Стройдвора» на каменным пастаменце ў металічнай сетцы ўзвышаецца вуглаваты бляшаны будаўнік у белай касцы і зялёным камбінезоне – з кельняй у адной руцэ і водаправодным кранам у другой, каля ног вядро.
У ім без цяжкасцей пазнаецца Марыа, знакаміты вадаправодчык з гульняў Nintendo, толькі без вусоў і ў зялёным, як яго брат Луіджы. Сабраны шклоўскі Марыа з плоскіх граняў, як персанаж старой камп’ютарнай гульні.


Супер Марыа

Крама ацяпляльнага абсталявання Teplo-Master BY абышлася без складаных задум: уваход па баках сцерагуць два белыя львы – з тых, што звычайна ахоўваюць брамы прыватных сядзіб. За іх спінамі ў вітрынах рэклама ўнітазаў, змяшальнікаў і душавых кабін.

Львы
Прыбіраць аб’екты пасля свята не збіраюцца: паводле задумы, яны стануць часткай абноўленага аблічча горада і раёна. Бусел, атрымліваецца, застанецца ў клетцы і пасля Дажынак, а львы – на пасту каля ўнітазаў.

Фота шклоўскай раённай газеты.

← Усе навіны Магілёва