Беларускае міліцэйскае ведамства зноў не асмелілася назваць краіну, адкуль у Беларусь завозяцца наркотыкі, распавядаючы пра затрыманне наркакур’ера.
“Супрацоўнікі наркакантролю Віцебшчыны пры падтрымцы байцоў АМАПу затрымалі 41-гадовага жыхара Магілёўскай вобласці. Устаноўлена: фігурант напярэдні прывёз з суседняй краіны партыю “тавару” для наступнага распаўсюджвання праз закладкі на Міншчыне”, – распавядаецца ў тэлеграм-канале МУС РБ.
Паводле міліцэйскага паведамлення, у машыне затрыманнага было знойдзена чатыры кілаграмы марыхуаны. Цяпер у адносінах да мужчыны ўзбуджана крымінальная справа за незаконны абарот наркотыкаў у форме збыта. Яму пагражае да 15 гадоў зняволення.
МУС працягвае ў сваіх паведамленнях хаваць назву суседняй краіны, адкуль жыхар Магілёўшчыны мог бесперашкодна прывезці наркотыкі. Хаця насамрэч такая краіна ў Беларусі толькі адна – Расія. Тая, з якой беларускі дыктатар утварыў так званую Саюзную дзяржаву.
Фотаздымак: ТГ “МУС Беларусі”
