Філімонава Алеся

Увага, пошук: полька з Торуня шукае Алесю Філімонаву з магілёўскага дзіцячага дома

Жыхарка польскага Торуня Івона шукае Алесю Філімонаву. У 1992 годзе дзяўчынка з магілёўскага дзіцячага дома двойчы гасцявала ў яе сям’і – летам і на Каляды. З таго часу сувязь абарвалася, і праз больш як трыццаць гадоў Івона хоча даведацца, як склаўся лёс Алесі.
У 1992 годзе Торунь арганізаваў для дзяцей з Беларусі летні адпачынак у польскіх сем’ях. Сярод іх была Алеся Філімонава – тады зусім маленькая выхаванка дзіцячага дома ў Магілёве. Некалькі тыдняў яна пражыла ў Івоны і разам з іншымі дзецьмі вярнулася дадому.
У снежні таго ж года Івона, тады маладая дзяўчына, разам з іншай польскай сям’ёй сама паехала ў магілёўскі дзіцячы дом, каб зноў забраць у Польшчу на святы больш за дзясятак дзяцей. Алеся зноў правяла ў яе сям’і некалькі тыдняў і вярнулася ў Беларусь.
«З таго часу ў нас няма сувязі з Алесяй, але мы ніколі і не спрабавалі яе аднавіць. Я хацела б толькі знайсці Алесю і спытаць, як яна жыве», – піша Івона.
Цяпер Алесі павінна быць каля 40 гадоў. Прозвішча за гэтыя гады магло змяніцца. Дапамагчы ў пошуку могуць:

  • тыя, хто на пачатку 1990-х жыў або працаваў у дзіцячым доме ў Магілёве і памятае Алесю;
  • тыя, хто сам у дзяцінстве ездзіў у 1992 годзе ў Торунь і памятае гэтую групу;
  • тыя, хто арганізоўваў або суправаджаў гэтыя паездкі з польскага або беларускага боку.

Любая дэталь – імя выхавальніка, нумар дзіцячага дома, фотаздымак тых гадоў – можа наблізіць сустрэчу.
Калі вы нешта ведаеце пра Алесю Філімонаву або калі вы і ёсць Алеся, напішыце ў рэдакцыю mogilev.media – ліст перададуць Івоне.

Выява ілюстрацыйнага характару.

← Усе навіны Магілёва