Крыніцы mogilev.media паведамляюць, што былы беларускі палітзняволены, вязень шклоўскай калоніі Аляксей Коршун заключыў кантракт з міністэрствам абароны Расіі і паехаў ваяваць супраць Украіны.
Рэдакцыя атрымала скрыншоты перапіскі Аляксея з яго, верагодна, жонкай Анжэлай, з якіх вынікае, што беларус знаходзіцца ў зоне т.зв. “СВО”.


Аляксей Коршун быў затрыманы ў сакавіку 2021 года за каментарыі ў соцсетках і атрымаў “хімію”. Пасля рэгулярнага ціску з боку адміністрацыі, ён уцёк з “хіміі” ў Расію, дзе зноўку быў затрыманы і адправіўся даседжваць свой тэрмін у два гады і шэсць месяцаў ужо ў калонію.

Пасля экстрадыцыі ў Беларусь, Аляксея Коршуна памясцілі ў шклоўскую калонію, дзе ён цалкам адбыў турэмны тэрмін. Супольнасць беларускіх праваабаронцаў прызнала яго палітвязнем.
