6 кастрычніка раённая газета Быхава за дваццаць хвілін выпусціла дзве навіны пра дарогі. Спачатку пра тое, што на трасе Быхаў – Вараніно пачалі класці асфальт на ўчастку 2,3 кіламетра. Следам – што на Быхаўшчыне інтэнсіўна абнаўляюцца дарогі ў сельскай мясцовасці: у Грудзінаўцы ўкладзена 2,2 кіламетра на дарозе Магілёў-Махава-Грудзінаўка-Гадылёва, а каля Прыбярэжжа робяць з’езд даўжынёй 110 метраў.
Сумарна гэта каля чатырох з паловай кіламетраў на раён плошчай больш за дзве тысячы квадратных кіламетраў са 183 вёскамі.
Прычым да раённай улады ні адзін з участкаў дачынення не мае: варанінскую дарогу рамантуе ДЭУ №76 РУП «Магілёўаўтадар» за грошы рэспубліканскага бюджэту, грудзінаўскую – ДРБУ №196 КУП «Магілёўаблдарбуд».
Планавую работу дзвюх розных дзяржаўных дарожных арганізацый раёнка склала ў адну хвалю інтэнсіўнасці.
Сам Быхаў у яе не трапіў. Як тут рамантуюць вуліцы, улетку паказаў з’едлівы сюжэт СТБ. На вуліцы Палявой асфальту не было ніколі, паўкіламетра паклалі ў красавіку – пасля таго як жыхары больш за дзесяць гадоў перапісваліся са службамі, а потым патэлефанавалі на гарачую лінію КДК.
Тады закаталі за два дні. З шасці вуліц квартала асфальт ёсць толькі на Палявой, суседняй Будаўнікоў дасталася асфальтавая крошка, а ямачны рамонт на Мінскай жыхары высмеялі ў сацсетках: асфальт паклалі проста ў ямы з пяском.
На рамонт вуліц у 2026 годзе, паводле слоў начальніка аддзела ЖКГ райвыканкама Ігара Марозава, выдзелілі 4,4 мільёна рублёў і адрамантавалі 80 тысяч квадратных метраў. Каля 55 тысяч з іх прыйшлося на два аграгарадкі – Следзюкі і Лудчыцы.
У Лудчыцах, дзе жыве амаль паўтысячы чалавек, закаталі ўсе пяць вуліц. У Быхаве, дзе жыхароў больш за шаснаццаць тысяч, – Сацыялістычную, Чырвонаармейскую і частку Касманаўтаў.
Абедзве ўкладкі на трасах пачатыя ў кастрычніку, у самым канцы дарожнага сезона. Інтэнсіўнасць у Быхаве, відаць, вымяраецца не кіламетрамі, а колькасцю нататак за дзень.
Фота СТБ.
