«Бабушкіна крынка» перадала пансіянату «Жамчужына» ў Салтанаўцы пад Магілёвам галоўку сыру вагой 165 кілаграмаў. Гэта рэкордны брус «Беларускага золата», які ў ліпені паказвалі на «Купаллі» ў Александрыі.
Чаму падарунак прывезлі толькі ў кастрычніку, патлумачылі тэхнолагі: такі сыр спее ад шасці да дзевяці месяцаў і якраз дайшоў да гатоўнасці. У пачатку ліпеня дырэктар Слаўгарадскага філіяла, дзе рабілі брус, Уладзімір Белюся казаў, што сыр ужо спеў шэсць месяцаў і кантрольныя праколы паказалі, што ён атрымаўся.
Сам рэкорд Белюся тлумачыў проста: у Кнігу рэкордаў Беларусі заявіліся, каб прыцягнуць увагу да прадукцыі і зрабіць «Беларускае золата» папулярным.
Кніга рэкордаў Беларусі, зразумела, не Кніга рэкордаў Гінеса.
Гэтая кніга дае шырокае асвятленне толькі ў мясцовых СМІ Беларусі. Які сэнс у прыцягненні такой увагі, незразумела.
Да таго ж гатунак сыру не фірмовы: «Беларускае золата» выпускаюць і «Мілкавіта», і іншыя малочныя заводы краіны.
Атрымліваецца, што гіганцкім брусам «Бабушкіна крынка» адначасова прарэкламавала і канкурэнтаў.
Такую рэкламу нават агрэсіўнай назваць нельга. Хутчэй яна бессэнсоўная.
Рэкламныя мерапрыемствы холдынг ладзіць і ў раёнах, дзе ў яго ёсць уласныя філіялы і прадукцыя вядомая нават мясцовым вожыкам.
Так, у верасні ў Быхаве «Бабушкіна крынка» сабрала ў раённым цэнтры культуры работнікаў гандлю і прадпрымальнікаў: абмяркоўвалі пастаўкі і прадстаўленасць прадукцыі ў крамах раёна, а потым зладзілі дэгустацыю дэсертных ёгуртаў, сыроў і масла. У жніўні падобную сустрэчу з кіраўнікамі гандлёвых сетак правялі ў Бабруйску.
Ну і варта адзначыць яшчэ адну дэталь. Тэхнолагі настолькі захапіліся рэкордамі, што забыліся другую літару “р” у слове “рэкардсмен” (гл. фота).
Фота mogilevnews.by.
