Падчас амаль месячнай праверкі органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны Магілёўшчыны плануецца сфармаваць тэрытарыяльныя войскі Крычаўскага раёна.
Праверка пачалася 7 кастрычніка і павінна працягнуцца да 13 лістапада. Яна закране ўсе адміністрацыйныя раёны вобласці, але галоўнай пляцоўкай стане Крычаўскі раён.
Начальнік Генеральнага штаба Уладзімір Белы ўручыў старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатолю Ісачанку дырэктыву на фарміраванне там падраздзяленняў тэрытарыяльных войскаў.
Для гэтага плануецца прызваць ваеннаабавязаных, правесці з імі заняткі і вывесці на розныя ўчасткі мясцовасці. Завершыцца ўсё камандна-штабным вучэннем. Правяраць будуць не толькі саміх прызваных. Адна з галоўных задач – паглядзець, як чыноўнікі выканкамаў і афіцэры органаў ваеннага кіравання здольныя арганізаваць разгортванне тэрытарыяльнай абароны, забяспечыць яе ўсім неабходным і наладзіць узаемадзеянне паміж рознымі структурамі.
Асобна Генштаб збіраецца ацаніць сістэму кіравання і сувязі. Паводле Уладзіміра Белага, у вобласці ўжо мадэрнізаваныя пункты кіравання і створаная фактычна аўтаномная сістэма сувязі з лічбавай перадачай даных.
Магілёўшчыну ваеннае кіраўніцтва таксама хваліць за аснашчэнне тэрабароны. Паводле начальніка Генштаба, вобласць знаходзіцца сярод лідараў па колькасці беспілотнікаў, а падраздзяленні атрымліваюць цеплавізары, прыборы начнога бачання, сучасную сувязь і экіпіроўку.
Праводзіцца праверка на фоне амаль бесперапыннай ваеннай актыўнасці ў Беларусі. Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай Расіяй у лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны, а вучэнні і праверкі розных родаў войскаў у краіне адбываюцца рэгулярна.
Напрыклад, з 29 верасня па 2 кастрычніка 2026 года пад кіраўніцтвам старшыняў аблвыканкамаў праходзілі штогадовыя заняткі па мабілізацыйнай гатоўнасці. У жніўні і верасні праверку баявой гатоўнасці праходзіла 51-я гвардзейская артылерыйская брыгада ў Асіповічах.
Фотаздымак: tochka.by
