У дзевяціпавярховым інтэрнаце на вуліцы Бялінскага ў Магілёве загарэўся пакой на восьмым паверсе.
Ратавальнікаў выклікала аўтаматычная сістэма «Маланка», якая сама перадае сігнал пра надзвычайную сітуацыю, у будынку ўключылася маўленчае апавяшчэнне. Калі прыехалі пажарныя, полымя вырывалася з акна, а калідор зацягнула дымам.
Пецярых жыхароў, сярод іх дзіця, вывелі з задымленага паверха ў выратавальных масках. Яшчэ аднаго мужчыну знайшлі ў калідоры: ён спрабаваў патушыць агонь сам і атрымаў апёкі, яго адвезлі ў бальніцу.
Разам з работнікам інтэрната ратавальнікі вывелі на вуліцу 104 чалавекі, з іх 23 дзіцяці. Пажар патушылі, на месцы працавалі дзевяць адзінак тэхнікі МНС. Прычыну пажару высвятляюць.
