Бацьку і сына Кабарчукоў, якія на Магілёўшчыне адбываюць пакаранне за “прыгатаванне да тэрактаў”, украінскі суд абвесціў у вышук.
Грамадзян Украіны Сяргея Кабарчука і яго сына Паўла Кабарчука Гомельскі абласны суд 23 кастрычніка 2024 года прыгаварыў да 20 гадоў зняволення кожнага па абвінавачванні ў шэрагу крымінальных артыкулаў, у тым ліку ў прыгатаванні да актаў тэрарызму, агентурнай дзенасці, незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. Яны былі затрыманыя 16 лютага 2024 года ў Лельчыцкім раёне Гомельшчыны як нібыта “дыверсанты СБУ”. Унесены ў спісы “тэрарыстаў” і “экстрэмістаў”. Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітычнымі зняволенымі 30 кастрычніка 2024 года. Сяргей Кабарчук адбывае пакаранне ў калоніі №17 у Шклове, а Павел – у магілёўскай турме №4.
Цяпер стала вядома, што на радзіме Кабарчукі вышукваюцца па падазрэнні ў незаконнай вытворчасці і кантрабандзе наркотыкаў. Там ім пагражае да 12 гадоў зняволення. Справу на мужчын завялі 27 снежня 2022 года, калі затрымалі ў лясным масіве ў ваколіцах вёскі Селязоўка Жытомірскай вобласці, недалёка ад мяжы з Беларуссю. Іх разам з іншымі асобамі выявілі памежнікі каля аўтамабіля, у якім знайшлі дзве сумкі і заплечнік з 68 пакетамі наркотыкаў агульнай вагой 44,6 кг.
У жніўні 2023 года суд прызнаў абгрунтаваным тэкст прад’яўленага абвінавачвання і пачаў разгляд справы па сутнасці. Падазраваныя прызналі сваю віну толькі часткова, праўда, невядома ў якім аб’ёме. Верагодна, бацька і сын Кабарчукі да лістапада 2023 года знаходзіліся пад вартай, а затым іх вызвалілі пад грашовы заклад.
Далейшы разгляд крымінальнай справы павінен быў адбыцца 21 лютага 2024 года. Аднак на той момант Кабарчукоў ва Украіне ўжо не было, бо яны збеглі ў Беларусь.
Паколькі фігуранты не з’явіліся ў суд, ён ухваліў рашэнне аб іх прымусовым прыводзе. Судовыя выканаўцы, натуральна, не знайшлі іх па месцы пражывання.
У ліпені 2026 года ўкраінскі суд выдаў дазвол на затрыманне Кабарчукоў для прымусовага прывода ў суд, на якім зноў павінны разгледзець пытанне аб іх заключэнні пад варту.
Раней ва Украіне на заявы аб “дыверсантах”, якіх нібыта затрымалі ў Беларусі, адрэагавалі словамі: “Лукашэнкаўскі абсурд не спыняецца”.
Фотаздымак: news.zerkalo.io
