чыгуначнікаў клуб

Будынак асіповіцкага клубу чыгуначнікаў выставілі на продаж

Беларуская чыгунка выставіла на аўкцыён будынак свайго клуба ў Асіповічах за 228,3 тыс. рублёў. Ён пабудаваны яшчэ да рэвалюцыі, яшчэ два гады таму тут віравала культурнае жыццё.

На 23 кастрычніка 2026 года запланаваныя таргі гэтага аднапавярховага цаглянага будынка плошчай 607,4 кв2 з такой жа цаглянай прыбудовай, а таксама з прылягаючай тэрыторыяй. 

Дата пабудовы будынка не пазначана, але “МагілёўАнлайн” сцвярджае, што гэта адзін з нямногіх ацалелых дарэвалюцыйных аб’ектаў, звязаных з фарміраваннем горада як чыгуначнага вузла. У ім размяшчаўся вытворчы корпус шпалапрапітачнага завода, пабудаванага ў 1904 годзе. На прадпрыемстве прамакалі чыгуначныя шпалы ахоўным рэчывам.

Уласна клуб чыгуначнікаў “Чырвоны кастрычнік” з’яўляецца ў будынку ў 1921 годзе. Доўгі час клуб быў цэнтрам культурнага жыцця чыгуначнікаў. 

Па ўсім відаць, што гэтае культурнае жыццё скончылася зусім нядаўна. Напрыклад яшчэ дзейнічае сайт клуба, дзе сцвярджаецца, што ў цяперашні час там “працуюць 10 калектываў мастацкай самадзейнасці і аматарскіх аб’яднанняў”. А на старонцы клуба ў сацсетцы “Вконтакте” апошняе паведамленне датаванае 27 студзеня 2024 года.

Фотаздымак: zhdclub.wixsite.com

← Усе навіны Магілёва