На ўрачыстым прыёме да Дня маці ў Музеі Славы Магілёўшчыны старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка ўручыў сем ордэнаў Маці. Узнагароду атрымала бабруйчанка Вольга Марозава – укладчыца-ўпакоўшчыца цэха вырабаў з пластмас ЗАТ «Легпромразвитие».
Ні ў справаздачы абласной газеты, ні на бабруйскім партале, ні ў рэпартажы АНТ яе слоў няма. Затое гаварыла іншая бабруйчанка – Вольга Гарачава, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкама.
У рэпартажы АНТ яе падпісалі проста «шматдзетная мама», а голас за кадрам расказваў пра сем жанчын, якія нарадзілі і выгадавалі не менш за пяцёра дзяцей. Гарачова паведаміла пра тое, як прыемна ў свята атрымліваць віншаванні яшчэ і ад дзяржавы.
Ордэна Маці ў Гарачавай няма: у яе чацвёра дзяцей, а ордэн даюць за пяцёра і больш. Абласная газета прадставіла яе пераможцай конкурсу «Краса Беларусі – 2025» для шматдзетных мам – там яна атрымала галоўны тытул і званне «Місіс фотамадэль». Газета пасаду ўказала і дала ёй асобны абзац з цытатай: для Гарачавай вялікі гонар прымаць віншаванні на такім высокім узроўні. Сцэна для яе звыклая. У верасні Гарачава выступала на маладзёжна-патрыятычным канцэрце «Мы разам, мы адзіныя» і гаварыла, што перамога ў конкурсе для яе – прызнанне таго, што сапраўдная прыгажосць у любові да блізкіх і Радзімы. Ордэн Маці з прыёму ў Бабруйск павезла ўпакоўшчыца. Камера і мікрафон дасталіся спецыялісту аддзела ідэалогіі.
Фота скрыншот рэпартажу АНТ.
