У Дзень маці, 14 кастрычніка, маці цяжкахворай Ксюшы Маісеенка Ніну Санькову пазбавілі бацькоўскіх правоў.
Пра пазбаўленне бацькоўскіх правоў жанчыны паведамілі валанцёры, якія апекуюцца чатырохгадовай Ксюшай. Нагадаем, што ў дзячынкі спінальная мышачная атрафія (СМА) другога тыпу – рэдкае генетычнае захворванне, якое паступова пазбаўляе чалавека здольнасці рухацца, дыхаць і ў выніку прыводзіць да смерці. Дзякуючы валанцёрам і агалосцы для яе былі сабраныя грошы на самы дарагі ў свеце прэпарат ад такой хваробы Zolgensma, які каштаваў каля 1,8 млн долараў. Ксюша знаходзіцца ў магілёўскім Доме дзіцяці. Па словах маці, якая бачылася з дачкой 11 кастрычніка, то яна адчувае сябе «нашмат лепш, чым да ўколу».
Ксюша трапіла ў дзіцячы дом пасля таго, як тата дзяўчынкі памёр, а маці не даючы рады з чатырма дзецьмі аддала іх у дзіцячы дом.
Цяпер сама жанчына называе свой учынак памылкай і заяўляла, што цяпер робіць усё, каб вярнуць сваіх дзяцей. Аднак суд усё ж пазбавіў жанчыну бацькоўскіх правоў.
“На працягу 15 дзён я магу абскардзіць гэтае рашэнне ў абласным судзе, што і буду рабіць. Проста так я гэта не пакіну і рукі не апушчу, працягну змагацца за ўсіх сваіх дзяцей”, – сказала жанчына.
Разам з тым, шмат хто з валанцёраў лічыць рашэнне пазбавіць яе бацькоўскіх правоў справядлівым. Яны не вераць у тое, што жанчына сапраўды гатова выпраўляцца і стаць адказнай маці.
Па інфармацыі «Нашай нівы», амаль усе сведкі ў судзе выступалі супраць таго, каб аднавіць Ніну Санькову ў бацькоўскіх правах. Старэйшыя дзяўчынкі сказалі, што не хочуць жыць з маці і гатовыя толькі хадзіць да яе ў госці.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
