Джоб доктар

Магілёвец хацеў знайсці ў эміграцыі працу, а замест гэтага дзесяць месяцаў плаціў эмірацкаму парталу вакансій

У рэдакцыю звярнуўся чытач – палітэмігрант з Магілёўшчыны, які жыве ў Беластоку. Назавём яго Сяргеем. Увосень 2025 года ён шукаў працу і зарэгістраваўся на партале вакансій Dr.Job, зарэгістраваным у Эміратах. Трохдзённы пробны доступ каштаваў 7,30 дырхама – менш за два долары. Працу ён потым знайшоў сам, без усялякага партала, а пра сайт забыўся. Грошы з яго карткі спісваліся яшчэ дзесяць месяцаў. «Я зарэгістраваўся, і праз адну хвіліну пасля рэгістрацыі ў акаўнце аказаліся тры водгукі на вакансіі, – расказвае ён. – Больш я туды не заходзіў. Рэзюмэ з таго часу не абнаўляў, ніводнаму працадаўцу не пісаў. Працу знайшоў сам». Схема аказалася простай. Праз тры дні, калі пробны доступ скончыўся, ён ператварыўся ў платную прэміум-падпіску – 128,41 дырхама за кожныя 28 дзён, прыкладна 35 долараў. Так паўтарылася дванаццаць разоў. Усяго з карткі сышло 1548,22 дырхама, каля 420 долараў, або больш за паўтары тысячы злотых. Выявілася гэта выпадкова – у жніўні 2026 года, калі чалавек зазірнуў у папку «Спам» у сваёй пошце і ўбачыў там чэк аб чарговым спісанні. «За дзесяць месяцаў я атрымаў ад іх роўна адзін ліст, і той трапіў у спам, – кажа чытач. – Ніводнага апавяшчэння пра будучы плацёж. Рахункі ляжаць у асабістым кабінеце, куды трэба спецыяльна зайсці. Ні ў адным лісце не было ні спасылкі на адмену падпіскі, ні ўказання, дзе яе адключыць». Падпіску ён адмяніў у той жа дзень – кнопка ў асабістым кабінеце знайшлася, хоць і не з першай спробы. Затым напісаў у кампанію з патрабаваннем вярнуць грошы. Адказ прыйшоў хутка і быў катэгарычным: гэта рэгулярны плацёж, згоду вы далі пры рэгістрацыі, аўтападаўжэнне, уключанае па змаўчанні, трэба было адключыць загадзя. Доказаў таго, што такая згода сапраўды давалася – даты, часу, дакладнай фармулёўкі на экране аплаты, – кампанія не прад’явіла ні разу, хоць яе прасілі пра гэта двойчы. Далей пачалося тое, дзеля чаго гэтую гісторыю варта расказаць.

Куды скардзіцца, калі кампанія ў свабоднай зоне

Dr Job FZ LLC зарэгістравана ў Абу-Дабі, у свабоднай эканамічнай зоне Yas Creative Hub. Паслугі прадае па ўсім свеце, прымае карткі любых банкаў. А паскардзіцца на яе, як высветлілася, можа толькі той, у каго ёсць эмірацкі ідэнтыфікацыйны нумар. Чытач напісаў у Creative Media Authority – орган, які выдаў кампаніі ліцэнзію. Там адказалі, што справа датычыцца спажывецкай здзелкі і вяртання сродкаў, а таму звяртацца трэба ў службу абароны правоў спажыўцоў Абу-Дабі. На ўдакладняльнае пытанне рэгулятар патлумачыў, што падаць скаргу за заяўніка не можа, і параіў растлумачыць спажывецкаму ведамству, што заяўнік не рэзідэнт Эміратаў і доступу да анлайн-каналаў не мае. Доступу сапраўды няма. Урадавая платформа TAMM патрабуе акаўнт UAE Pass, а яго выдаюць толькі ўладальнікам эмірацкага пасведчання асобы або рэзідэнцкай візы. Нацыянальны партал скаргаў пры заходзе з Польшчы выдае Access Denied – доступ закрыты паводле геаграфічнай прыкметы. Між тым федэральны закон Эміратаў аб абароне правоў спажыўцоў распаўсюджваецца і на свабодныя зоны, і на зарэгістраваныя ў краіне электронныя пляцоўкі, і ні слова не кажа пра тое, што абарона належыць толькі рэзідэнтам. Правоў вышэй за дах, толькі скарыстацца імі нельга.

Банк адмовіў

Паралельна чытач падаў рэкламацыю ў свой польскі банк – PKO Bank Polski. Аспрэчыць можна было толькі пяць апошніх спісанняў: правілы плацежнай сістэмы Visa даюць на гэта 120 дзён, усё ранейшае згарэла. Банк запытаў тлумачэнні ў пастаўшчыка паслугі і ў пачатку кастрычніка адмовіў. Абгрунтаванне змясцілася ў два сказы: транзакцыі выкананы карэктна, на падставе атрыманага распараджэння. Прававая падстава – пункт агульных умоў, паводле якога для выканання плацежнай аперацыі неабходна выкарыстанне карткі аўтэнтыфікаваным уладальнікам і выяўленне згоды на аперацыю. «Аўтарызацыя прайшла, – пераказвае чытач сутнасць адказу. – Гэта значыць, я адзін раз увёў даныя карткі, і гэтага хапіла на дванаццаць спісанняў за год». Што менавіта адказаў банку сам Dr.Job, заяўніку не паказалі, хоць адмова пабудавана на гэтым адказе. Цяпер пададзена апеляцыя; калі яе адхіляць, застаюцца Банкаўскі арбітр і Фінансавы амбудсмен.

Што напісана ва ўмовах

Агульныя ўмовы Dr.Job вартыя асобнага прачытання. Пункт 18.2 абвяшчае: вяртанне грашовых сродкаў не ажыццяўляецца ні пры якіх абставінах. Пункт 18.4: абаненцкая плата не падлягае вяртанню. Пункт 18.8: адмяніць падпіску трэба за 24 гадзіны да падаўжэння – пра якое, нагадаем, кліента ніхто не апавяшчае. А раздзел 19, азагалоўлены «Умовы аплаты для кандыдатаў», складаецца з чатырох падпунктаў, сярод якіх «Падаўжэнне падпіскі» і «Згода абанента». Тэксту пад гэтымі загалоўкамі няма. Парадак, у якім кліент дае згоду на рэгулярныя спісанні, у дакуменце папросту не апісаны. Версія ўмоў, размешчаная на сайце, датаваная лютым 2026 года. Чытач рэгістраваўся ў кастрычніку 2025-га, і рэдакцыя, якая дзейнічала тады, кампаніяй не прадстаўлена.

Адзін выпадак ці схема

На Trustpilot у партала дзясяткі старонак водгукаў, і многія апісваюць дакладна тое ж: грошы пачалі спісваць, хоць падпіску чалавек, паводле яго слоў, не афармляў. Мэтавая аўдыторыя ў такога сэрвісу спецыфічная. Прэміум-доступ да вакансій купляюць тыя, хто шукае працу – а значыць, часцей за ўсё сядзіць без заробку. Эмігранты, уцекачы, прыезджыя, гатовыя заплаціць два долары за шанец. Трыццаць пяць долараў на месяц, якія спісваюцца без апавяшчэнняў, для іх сума адчувальная. «Працу я знайшоў без доктара Джоба, – кажа чытач. – А ён лячыў мяне дзесяць месяцаў».

Ад рэдакцыі: усе дакументы, якія пацвярджаюць сказанае, Сяргей прадаставіў нам – скрыншоты асабістага кабінета, рахункі, выстаўленыя кампаніяй, перапіску з яе службай падтрымкі і адказ банка на рэкламацыю.

Фота скрыншот сайта drjobpro.com

← Усе навіны Магілёва