На фоне павальнай настальгіі па савецкіх часах у Беларусі, у Чэрыкаве раптам узгадалі антураж першага дзясяцігоддзя сучаснай беларускай незалежнасці.
“Варонкі”, ласіны, касеты і начосы – так аздобілі святкаванне свайго прафесійнага свята работнікі культуры Чэрыкаўскага раёна. Магчыма, перасычэнне савецкай настальгіях натхніла на тое, што варта ўзгадаць тыя часы, калі многія з дзеючых асоб на святочным вечары самі былі маладымі. А маладосць, нават у тыя часы, на адлегласці чвэрць стагоддзя ўсё роўна падаецца чымсьці прыемным і нават захапляльным.
Таму і ўзгадвалі тэлефон з дыскавым наборам нумару, мабільнік як штосьці вельмі дзіўнае і інтэрнэт як нешта навукова-фантастычнае.
Як сведчыць чэрыкаўская раёнка, асаблівы водгук у гледачоў выклікаў жарт вядучых пра музыку, якую тады слухалі выключна на касетах: “Прычым калі плёнку зажавала… Усё! Культурная праграма на сёння скончылася!»
На сценах развесілі дываны, прынеслі старыя касетныя магнітафоны і плакаты з кумірамі сваёй маладосці. Паводле раёнкі, атмасферу эпохі перамен узнавілі з максімальнай дакладнасцю, дадаўшы да яе гумар і самаіронію.
Судзячы па прадстаўленых фотаздымках, максімальнай дакладнасці на тым урачыстым вечары культработнікам дасягнуць усё ж такі не ўдалося. Бо не было нават згадкі аб палітычных зменах, свабодных выбарах, тагачаснай дзяржаўнай сімволікі, грошай з выявамі звяроў і ўсяго іншага, што больш чым “варонкі” і касеты вызначалі жыццё ў тыя гады.
Фотаздымак: cherikovnews.by
