Новым дырэктарам ААТ «Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў» стаў Канстанцін Чарнецкі. Раённая газета прадставіла яго чытачам. Асіповічанін 1985 года нараджэння адпрацаваў на прадпрыемстве больш за дваццаць гадоў і прайшоў яго знізу даверху. Пачынаў ён у 2004 годзе яшчэ студэнтам – слесарам механазборачных работ у цэху шклопластыкавых кабін.
Далей кар’ера складвалася так:
- у 2006 годзе – майстар, у 2009-м – старшы майстар участка;
- затым начальнік вытворча-дыспетчарскага аддзела, начальнік таго ж цэха кабін і начальнік вытворчасці;
- з 2020 года – намеснік дырэктара па вытворчасці.
Паралельна з заводскай лесвіцай ішла вучэбная: ліцейная вытворчасць у БНТУ, эканоміка ў Акадэміі кіравання і перападрыхтоўка па дзелавым адміністраванні. У 2020 годзе ранішнія планёркі на заводзе праводзіў намеснік па вытворчасці Чарнецкі, а вынікі дня падводзіў дырэктар Сяргей Багдановіч. Цяпер кабінет, дзе падводзяць вынікі, перайшоў да былога намесніка. Галоўнымі задачамі новы дырэктар называе захаванне калектыву, годныя ўмовы працы і зарплату. Калектыў немаленькі – паводле звестак райвыканкама, на заводзе працавала каля 1700 чалавек. Прадпрыемства сур’ёзнае – вядучы ў Беларусі вытворца алюмініевага ліцця. Цяпер там ідзе рэканструкцыя пад вытворчасць дакладнага алюмініевага ліцця, а наперадзе пераход на аўтобусы трэцяга пакалення: камплектуючыя для іх завод пастаўляе ў адзіным ліку, і выпускаць іх давядзецца ў патрэбнай колькасці. Прозвішча новага дырэктара на слыху: да вясны міністрам культуры быў акцёр Руслан Чарнецкі, у красавіку яго адправілі ў адстаўку. Чарнецкія цяпер у модзе, толькі адзін прыйшоў у міністэрства са сцэны, а другі ў дырэктарскі кабінет – прайшоўшы на заводзе ўсе прыступкі ад слесара да намесніка дырэктара.
Фота: «Асіповіцкі край».
