Траецкая

У Магілёве збіраюць подпісы і грошы на будаўніцтва Траецкай царквы

Збор подпісаў і грошай на аднаўленне Траецкай царквы, падмуркі якой знайшлі 10 гадоў таму, праходзяць у Магілёве.

Нагадаем, што ў 2016 годзе падчас перабудовы моста праз Днепр на Пушкінскім праспекце выявілі фундамент разбуранай пасля вайны Траецкай царквы. Яна не настолькі цікавіла даследчыкаў – храм досыць шараговы, у класіцыстычным стылі, што панаваў у Расійскай імперыі ў канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзяў.

Разам з тым, у 2021 годзе там быў усталяваны крыж, а летам 2025 года архіепіскап Сафроній разам са старшынёй Магілёўскага гарвыканкама Сяргеем Чартковым заклалі капсулу са зваротам да нашчадкаў і намерам адрадзіць Траецкую царкву. Сцвярджалася, што на будаўніцтва храма маюцца сродкі ад спонсараў.

І вось праз год, нягледзячы на нібыта існаванне і жадання, і сродкаў, чамусьці спатрэбілася збіраць подпісы за будаўніцтва царквы. Што даволі дзіўна, зважаючы на намер гарадскіх улад спрыяць гэтаму будаўніцтву. Магчыма, нейкі адказ можна знайсці ў “некаторых нюансах з міністэрствам культуры”, пра рашэнні якіх распавялі ў лютым 2026 года ініцыятары аднаўлення царквы таму ж Чарткову.

Відаць, нюансы звязаныя не толькі з міністэрствам культуры. У снежні 2025 года быў зарэгістраваны прыход Траецкай царквы. Ён пачаў збіраць сродкі на “аплату работ па распрацоўцы праектнай дакументацыі і да т. п.”, пры тым, што летась сцвярджалася, што маюцца сродкі ад спонсараў. 

Сведчаннем таго, што справа будаўніцтва Траецкай царквы сур’ёзна забуксавала, ёсць і сайт яе прыхода, які не абнаўляўся амаль паўгода.

Ну а пакуль, як піша тэлеграм-канал “Вячэрні Магілёў”, ужо ў гэтую нядзелю, 17 кастрычніка, свой подпіс за будаўніцва Траецкай царквы можна паставіць у любым храме горада.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва