крэпасць

У Бабруйскай крэпасці кансервуюць траціну казармы… З 2013 года

У Бабруйскай крэпасці з верасня рамантуюць дах будынка «Былая казарма». Агароджана пакуль толькі траціна трохпавярховага корпуса, з яе знялі рэшткі абгарэлага даху. Заказчык – КУДП «Упраўленне капітальнага будаўніцтва г. Бабруйска», падрадчык – ААТ «Бабруйскэнергамантаж». 

Галоўны інжынер праекта Наталля Голасава з «Белрэстаўрацыі» патлумачыла, што дакументацыя распрацавана на ўвесь будынак, а цяпер ідзе першая чарга: дах, вадасцёк і адмостка. Пасля кансервацыі ўсе праёмы закрыюць, і наведваць казарму будзе нельга. Прыстасаваць яе пад новую функцыю збіраюцца калі-небудзь потым. Кансерваваць крэпасць збіраліся даўно.

У 2023 годзе тая ж Голасава расказвала, што праект кансервацыі для наступнай рэстаўрацыі быў выкананы яшчэ ў 2013 годзе, але працы так і не пачалі. 

Новае абследаванне праз дзесяць гадоў паказала, што стан будынкаў пагоршыўся, а аварыйных участкаў пабольшала. Паміж першым праектам кансервацыі і пачаткам работ на казарме прайшло трынаццаць гадоў. 

Як выглядае помнік, які гадамі стаіць без даху, на Магілёўшчыне ведаюць па Быхаве. Дах Быхаўскага замка знішчыў пажар 2004 года. Далей справа дайшла толькі да дзвюх вартавых вежаў і маскіровачнай сеткі для руін да Дня пісьменства, а сам помнік нацыянальнай архітэктуры ператварыўся ў «фрагменты замка», якімі цяпер палохаюць турыстаў.

Фота bobr.by.

← Усе навіны Магілёва