Надзею палітвязняў на вызваленне па амерыканскім трэку адміністрацыя бабруйскай калоніі №2 выкарыстоўвае для маніпуляцый і здзекаў.
Пра тое, як у калоніі абяцаюць хуткае вызваленне, якое потым не адбываецца, былы зняволены, прымусова вывезены з Беларусі ў 2025 годзе, ананімна расказаў Праваабарончаму цэнтру «Вясна».
«Рыхтуйся з’язджаць». Але нікуды не выпусцілі
Адным з тых, каго, паводле суразмоўцы праваабаронцаў, неаднаразова абнадзейвалі вызваленнем, быў супрацоўнік паліклінікі Аляксей Мандзік, асуджаны на сем гадоў калоніі.
Мужчына цяжка пераносіў зняволенне, часта нерваваўся, трапляў у штрафны ізалятар і нават разважаў пра магчымасць пратэсту, у тым ліку адмовы ад ежы. Каб не дапусціць абвастрэння сітуацыі, супрацоўнікі калоніі, як сцвярджае былы палітвязень, пачалі абяцаць яму хуткі выезд за мяжу.
«Яму самі мянты, паводле яго слоў, казалі: “Усё, рыхтуйся з’язджаць, вывязуць цябе за мяжу”. Ён ужо маральна быў цалкам да гэтага гатовы, але кожны раз усё гэта праходзіла міма яго», – згадвае суразмоўца «Вясны».
Мандзіка рэгулярна выклікалі на размовы да аператыўнага супрацоўніка. Паводле сведкі, абяцанні вызвалення гучалі нават за пару тыдняў да таго, як групу палітвязняў сапраўды вывезлі з Беларусі. Але Мандзіка сярод вызваленых не аказалася.
Былы вязень мяркуе, што надзеяй на волю адміністрацыя проста спрабавала супакоіць чалавека, ад якога чакала праблем.
У калоніі нават прагназавалі вызваленні
Навіны пра магчымыя памілаванні і перамовы з амерыканцамі былі адной з галоўных тэм размоў палітвязняў. У інфармацыйнай ізаляцыі людзі лавілі кожнае паведамленне праўладнага тэлебачання, чыталі газеты і спрабавалі зразумець, калі можа наступіць іх чарга выйсці на волю.
«Размовы, размовы, размовы толькі пра гэта. Пастаяннае нервовае курэнне і чаканне, калі гэта здарыцца», – расказвае былы зняволены. Паводле яго, сярод вязняў шырока хадзілі прагнозы, што ўсіх палітычных адпусцяць да траўня 2026 года. Аднак гэтыя спадзяванні не спраўдзіліся.
Часам турэмная «аналітыка» ўсё ж давала вынік. Былы палітвязень згадвае, як пасля паведамленняў па тэлебачанні пра кантакты беларускіх уладаў з прадстаўнікамі Ватыкана выказаў меркаванне, што хутка могуць вызваліць каталіцкага святара Генрыха Акаловіча.
«Айцец Генрых, а вас, мне здаецца, хутка выпусцяць», – сказаў ён святару.
«Дай Бог», – адказаў той.
Менш чым праз тыдзень Акаловіча сапраўды вызвалілі.
Але адзін удалы прагноз толькі падмацоўваў агульнае чаканне: калі адпусцілі аднаго, значыць, наступным магу быць я.
«Жыццё зняволенага – гэта сон і надзея»
Паводле былога палітвязня, кожны ў бабруйскай калоніі перажываў чаканне волі па-свойму.
Вадзім Васільеў, асуджаны на 12 гадоў, наадварот, імкнуўся не вылучацца, мала расказваў пра сябе і пазбягаў лішніх размоў. Іншы палітвязень, Мікалай Рой, які таксама атрымаў 12 гадоў зняволення, вельмі спадзяваўся на хуткае вызваленне. Яго падтрымлівалі родныя, але думкі пра магчымы выхад на волю не пакідалі мужчыну практычна ні на дзень.
«Жыццё зняволенага – гэта сон і надзея. У астатні час ты не жывеш, а існуеш», – так апісвае турэмныя будні суразмоўца праваабаронцаў.
Пра вызваленне марыў і Андрэй Бераставы. Яму асабліва цяжка давалася нявызначанасць: што будзе з сям’ёй, колькі яшчэ давядзецца сядзець і як пасля ўсяго вяртацца да звычайнага жыцця.
Падставы спадзявацца ў яго былі: брата Вячаслава памілавалі. Аднак замест вызвалення Андрэй атрымаў новую крымінальную справу, звязаную з «Беларускім Гаюном», якую распачалі непасрэдна падчас яго знаходжання ў калоніі.
Надзея як інструмент ціску
Сведчанні былога палітвязня паказваюць, наколькі моцна навіны пра магчымыя вызваленні ўплываюць на людзей, якія гадамі знаходзяцца за кратамі.
Для адных гэта магчымасць не страціць надзею, для іншых – крыніца пастаяннага нервовага напружання. Але найбольш цынічна выглядаюць апісаныя былым вязнем паводзіны супрацоўнікаў калоніі, калі чалавеку абяцаюць хуткую волю не таму, што прынята адпаведнае рашэнне, а каб ён паводзіў сябе цішэй і не ствараў праблем адміністрацыі.
У такім выпадку нават вызваленне, якога палітвязні чакаюць гадамі, ператвараецца ў яшчэ адзін інструмент турэмнага кантролю. І для гэтага, як вынікае з аповеду былога зняволенага, не патрэбныя ні штрафны ізалятар, ні дадатковы прысуд. Дастаткова сказаць чалавеку «рыхтуйся, хутка паедзеш», а потым пакінуць яго за кратамі.
Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”
