Тураў Віктар

Дзень у гісторыі. 25 кастрычніка. Нарадзіўся Віктар Тураў. Мільён тон на “Хімвалакно”

1858 год. Нарадзіўся Эдвард Пякарскі.

Беларускі этнограф, географ, фалькларыст. Акадэмік АН СССР, Сакратар Аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства, аўтар прац па этнографіі якутаў і эвенкаў, складальнік слоўніка якуцкай мовы, «бацька» якуцкай літаратуры.

За ўдзел у народніцкім руху быў сасланы ў Якуцію (1881).

Даследаваў геаграфію, фальклор і мову, супрацоўнічаў з Усходне-Сібірскім аддзяленнем Рускага геаграфічнага таварыства.

Памёр у 1934 годзе. Пахаваны на ленінградскіх Смаленскіх лютэранскіх могілках. 

1868 год. Нарадзіўся Карл Грыгаровіч.

Беларускі скрыпач і педагог. Інтэрпрэтатар скрыпічнай і квартэтнай класікі.

Гастраляваў па свеце: Амерыка, Азія, Афрыка.

Прафесар Маскоўскага філарманічнага вучылішча, Віцебскай народнай кансерваторыі, першая скрыпка ў квартэце герцага Мекленбургскага.

Арыштаваны ў 1921 годзе і прысуджаны да 3 гадоў прымусовых работ.

Да гэтага часу незразумела, памёр ён ад голаду ў заключэнні або быў расстраляны ў 1921 годзе.

1883 год. У Магілёве нарадзіўся бальшавік Мікалай Крысцінскі.

Савецкі дзяржаўны і палітычны дзеяч, бальшавік. Нарадзіўся ў сям’і магілёўскага настаўніка гімназіі. Скончыў Віленскую гімназію з залатым медалём у 1901 годзе, потым юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбурскага універсітэта. З 1903 года ў РСДРП, з 1905-га – бальшавік.

Уваходзіў у склад савецкіх партыйных органаў, дыпламат – паўнамоцны прадстаўнік СССР у Германіі. У 1938 годзе расстраляны.

Мікалай Крысцінскі

1884 год. Нарадзіўся Сяргей Дубінскі.

Беларускі археолаг і гісторык.

Разам з Аляксандрам Ляўданскім закладаў асновы беларускай археалогіі.

Даследаваў помнікі ранняга жалезнага веку і сярэднявечча Беларусі, у тым ліку Магілёўшчыны, гарадзішча Банцараўшчына.

Аўтар першых археалагічных карт Магілёўскай вобласці, Беларусі, першай бібліяграфіі па археалогіі Беларусі і сумежных краін.

У 1937 годзе абвінавачаны ў шпіёнскай дзейнасці на карысць Польшчы і расстраляны.

Сяргей Дубінскі

1932 год. Нарадзіўся Уладзімір Анісковіч.

Беларускі літаратурны крытык, перакладчык

Працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, у рэдакцыях часопісаў «Нёман», «Родная прырода», газеты «Літаратура і мастацтва», у выдавецтве «Юнацтва».

Перакладчык з балгарскай мовы твораў І. Давыдкава, С. Страціева , А. Стаянава, Б. Апрылава, Н. Хайтава, Д. Цончава, І. Радзічкава, І. Мілева і іншых аўтараў.

1933 год. У Полацку нарадзілася Нінэль Шчасная.

Беларускі жывапісец і графік. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Працавала ў станкавым жывапісе, кніжнай і станкавай графіцы, манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Аформіла шэраг кніжных выданняў.

Аўтар партрэтаў І. Мележа, У. Дубоўкі, І. Шамякіна, Цёткі, А. Макаёнка, М. Танка, Янкі Купалы,  М. Багдановіча, Еўфрасінні Полацкай, Ф.Скарыны, П. Мсціслаўца і іншых выбітных ураджэнцаў Беларусі.

1934 год. Ва Уругвае нарадзіўся Карлас Шэрман.

Беларуска-іспанскі перакладчык, літаратар і праваабаронца.

Нарадзіўся ў сям’і выхадца з Заходняй Беларусі.

Загадчык рэдакцыйна-выдавецкага сектара Фундаментальнай бібліятэкі імя Якуба Коласа АН БССР,  віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра.

Перакладчык іспанамоўных аўтараў: Г. Гарсія Маркеса, Н. Гільена, Ф. Піта Радрыгеса і іншых.

З беларускай на іспанскую пераклаў асобныя творы А. Куляшова, М. Танка, І. Шамякіна, В. Быкава, Я. Купалы,  Я. Коласа, Р. Барадуліна і іншых.

Аўтар кніг, зборнікаў паэзіі.

Памёр у 2005 годзе.

1936 год. У Магілёве нарадзіўся Віктар Тураў.

Беларускі кінарэжысёр і сцэнарыст. Народны артыст Беларусі і СССР. Лаўрэат многіх прэмій СССР, Польшчы, кінафестываляў.

Вязень канцлагера на Рэйне.

Этапнымі яго работамі былі экранізацыі «Палескай хронікі» І. Мележа «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», апавядання І. Тургенева «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава».

Сярод ваеных і гістарычных фільмаў найбольш значныя:  «Я родам з дзяцінства», «Сыны ідуць у бой», «Пераправа», «Чорны бусел», «Шляхціц Завальня».

Здымаў фільмы з удзелам Ул. Высоцкага, з якім сябраваў.

Уключаны ЮНЕСКА ў лік 50 кінематаграфістаў свету, з якіх складаўся Ганаровы камітэт па святкаванню 100-годдзя кінематаграфіі.

1939 год. Нарадзіўся Яўген Штоп.

Беларускі  дзеяч самадзейнага мастацтва, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі.

Працаваў артыстам Белдзяржфілармоніі, дырэктарам Ваўкавыскага Дома культуры, балетмайстрам-постаноўшчыкам Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі.

Стваральнік і першы мастацкі кіраўнік ансамбля песні, музыкі і танца «Белыя росы» Гродзенскай абласной філармоніі.

1942 год. Памёр Хвядос Шынклер.

Беларускі пісьменнік і сцэнарыст.

Удзельнік літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Працаваў у бабруйскай газеце «Камуніст», транспартнай жлобінскай газеце «Ударнік», у рэдакцыях «Літаратура і мастацтва» і «Полымя».

Аўтар многіх зборнікаў апавяданняў, аповесцей, кніг, п’ес.

Выступаў з рэцэнзіямі, артыкуламі, нарысамі.

1952 год. Нарадзіўся Аляксандар Карабанаў.

Беларускі геолаг. Акадэмік НАН Беларусі.

Доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар. Лаўрэат Прэміі НАНБ за цыкл прац «Разломы і лінеаменты зямной кары Беларусі». Дырэктар Інстытута прыродакарыстання.

Выхаванец геаграфічнага факультэта БДУ.

Распрацаваў спосаб рэканструкцыі амплітуд неатэктанічных рухаў старажытнамацерыковага абледзянення і канцэпцыю неатэктанічнага развіцця і найноўшай геадынамікі тэрыторыі Беларусі.

Выканаў неатэктанічнае раянаванне Заходняй і Цэнтральнай Еўропы

Аўтар 250 навуковых прац, у тым ліку 13 манаграфій, уключаючы «Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі».

Памёр у 2019 годзе.

1976 год. На Магілёўскім вытворчым аб’яднанні “Хімвалакно” выпушчана мільённая тона валакна і ніцяў.

Першы вытворчы комплекс на прадпрыемстве пачаў працаваць у 1970 годзе. Гэта быў цэх дыметылтэрэфталата (ДМТ-1) магутнасцю 63 тыс. тон за год.

Лавсан Могилев

1991 год. У Нью-Ёрку памёр Міхась Міцкевіч.

Беларускі грамадскі і культурны дзеяч, малодшы брат Якуба Коласа.

Удзельнік нацыянальнага руху Беларусі, выкладчык Мінскай беларускай гімназіі.

З 1944 года ў эміграцыі. Актыўны дзеяч Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў ЗША, член рэдакцыі часопіса «Беларус», рэдактар часопіса «Голас Царквы».

Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансуіку ў штаце Нью-Джэрсі.

У яго гонар Якуб Колас назваў свайго малодшага сына Міхася (1926-2020).

← Усе навіны Магілёва