хахуля

Хахуля на Магілёўшчыне – што вядома

Упершыню за 40 гадоў у пойменных вадаёмах Сожа ў Магілёўскай і Гомельскай абласцях біёлагі знайшлі сляды хахулі.

Сляды жыццядзейнасці хахулі былі выяўлены падчас палявых работ пры зборы матэрыялу для вывучэння водных відаў насякомаедных. На абследаваных вадаёмах, упершыню за апошнія 40 гадоў вучоныя пабачылі норы і кармавыя столікі з рэшткамі ракавін прэснаводных малюскаў. 

“Разнастайнасць тыпаў сховішчаў у спалучэнні з устойлівай кармавой базай паказвае на захаванне невялікіх лакальных папуляцый гэтага віду ў абследаваных пойменных вадаёмах ракі Сож”, – робяць выснову ў Навукова-практычным цэнтры НАН Беларусі па біярэсурсах.

Сёння хахуля знаходзіцца пад пагрозай глабальнага знікнення. У Расіі, дзе размешчаны асноўны арэал віду, яе колькасць працягвае скарачацца. Паводле ацэнак 2017 года там заставалася каля 8-10 тысяч асобін.

У Беларусі колькасць хахулі рэзка скарацілася да 1950-х гадоў. У 1981 годзе від уключылі ў нацыянальную Чырвоную кнігу, але ўжо ў выданні 1993 года яго выключылі, палічыўшы зніклым у краіне.

Галоўнымі прычынамі сталі меліярацыя і змяненне рачных поймаў: вадаёмы, дзе звярок жыў, мялелі і зарасталі. Дадатковую пагрозу ўяўляла завезеная амерыканская норка, якая палюе на хахулю. Небяспечныя для жывёлы і браканьерскія сеткі, у якіх яна можа загінуць ад удушша. 

Фотаздымак: Klaus Rudloff, CC BY 4.0 Wikimedia Commons

← Усе навіны Магілёва