магільнік

Ядзерны магільнік на Мсціслаўшчыне запланаваны непадалёк ад радовішча фасфарытаў

Ядзерны магільнік, які можа быць пабудаваны ў Мсціслаўскім раёне, бедзе знаходзіцца на адлегласці ў 14 км ад радовішча фасфарытаў.

На такую асабліваць магчымага размяшчэння магільніка ўказаў аўтар аднаго з некалькіх зваротаў да БелРАА, якое разглядае месцы пад магільнік ядзерных адходаў, у тым ліку на Магілёўшчыне. На публікацыю трыма райвыканкамамі (Астравецкім, Мсціслаўскім і Хойніцкім) зводкі водгукаў па справаздачы аб Ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе па аб’екце (АУНА) «Узвядзенне пункта пахавання і часовага захоўвання радыеактыўных адходаў» звярнуў увагу “Флагшток”.

Грамадзянін піша, што «у самай жа справаздачы прамым тэкстам прызнаецца: будучая распрацоўка гэтых кар’ераў крытычна панізіць грунтавыя воды і выкліча маштабнае прасяданне зямлі. Пры нармальнай экспертызе такая рызыка абвальвання імгненна бракуе любую лакацыю для ядзернага аб’екта».  

Аднак у БелРАА запэўнілі, што змяненне ўзроўню грунтавых вод і магчымыя дэфармацыі паверхні ўлічваюцца пры параўнальным аналізе разгляданых альтэрнатыўных пляцовак. 

«У выпадку рашэння аб размяшчэнні планаванай гаспадарчай дзейнасці на альтэрнатыўнай пляцоўцы ў Мсціслаўскім раёне, далейшае праектаванне будаўнічых канструкцый ПЗРА будзе весціся з ужываннем шматбар’ернай сістэмы абароны і падвышанай жорсткасці фундамента, здольных кампенсаваць асяданне грунтоў», – адзначылі ў арганізацыі, якой кіруе выхадзец з КДБ Міхаіл Кісель. 

Другі заяўнік звярнуў увагу на тое, што тэрмін пераносу радыяцыі з грунтовымі водамі ў раку Натопу Мсціслаўскага раёна ў Дняпроўскім басейне складае па дадзеных справаздачы 5-14 гадоў. А сам аб’ект закладваецца нібыта на стагоддзі.

На гэта адказалі, што “праект не ігнаруе базавую гідрадынаміку, а бярэ яе за аснову пры разліку надзейнасці штучных бар’ераў бяспекі”, сцвярджаючы, што бяспека ПЗРА на працягу заяўленых тэрмінаў грунтуецца не на ізаляцыйных уласцівасцях грунтоў, а на прынцыпе эшаланаванай шматбар’ернай абароны, прынятым у міжнароднай практыцы.

У водгуках, якія паступілі падчас правядзення сходаў па абмеркаванні справаздачы аб АУНА, змяшчаецца чатыры выступы ў падтрымку будаўніцтва магільніка ў Астравецкім раёне, два – у Мсціслаўскім, адзін – у Хойніцкім раёне. 

Фотаздымак: БелРАА

← Усе навіны Магілёва