У аграгарадку Бярозкі Хоцімскага раёна, паводле слоў дзяржаўнага тэлебачання, адбылося «амаль неверагоднае». У вёсцы на пяцьсот жыхароў адкрыўся манікюрны кабінет. Пакуль ён працуе ў тэставым рэжыме, а запісваюцца туды даяркі і пенсіянеркі.
Неверагоднай такую падзею робіць сам раён. Хоцімшчына – адзін з найбяднейшых раёнаў Магілёўшчыны. У студзені сярэдні заробак тут склаў 1938 рублёў, тады як у сярэднім па краіне – 2757 рублёў.
Бярозкі размешчаны за васемнаццаць кіламетраў ад Хоцімска, да Мінска адсюль больш за трыста кіламетраў.
Менавіта сюды са сталіцы пераехаў прадпрымальнік Аляксей Карсюк. Паводле яго слоў, захацелася мернага вясковага жыцця, ды і прыдатнае жыллё знайшлося. Наваселец арандаваў пусты будынак у цэнтры аграгарадка, «які мясцовыя абыходзілі бокам», і адкрыў там пункт выдачы заказаў.

Потым у тым жа будынку з’явіўся манікюрны кабінет. Пры гэтым індывідуальнага прадпрымальніка Карсюка не ўдалося знайсці ні ў рэестры плацельшчыкаў, ні ў Адзіным дзяржаўным рэгістры.
Хто менавіта робіць манікюр, з сюжэта зразумець нельга. Подпіс да фота называе майстрам самога Аляксея. У тэксце мінчук ужо «ідэйны натхняльнік», а кліентак прымае «малады нейл-стыліст» без імя. Далей і тэлебачанне, і райвыканкам хваляць нейкіх «хлопцаў», але, акрамя Карсюка, нікога не называюць.
Затое вяскоўцы ў сюжэце цалкам канкрэтныя. Пра манікюр, паводле яе слоў, даўно марыла Аксана Міхаленка – у эфіры яна загадчыца фермы. Паводле спіса райвыканкама, яна начальніца малочнатаварнага комплексу ААТ «Кастрычнік-Бярозкі» і старшыня сельскага камітэта аграгарадка.
Іна Захаранка і Наталля Пацехіна радуюцца новай паслузе як жыхаркі Бярозак. На старонцы раённай бібліятэкі абедзве значацца работніцамі мясцовага Дома культуры: першая – арганізатаркай культурных мерапрыемстваў, другая – кіраўніцай студыі.
Свая інфраструктура ў Бярозках ёсць: школа, дзіцячы сад, Дом культуры і крама «Родны кут».
Чаго не хапае, жыхары вырашаюць галасаваннем. Пакуль вяскоўцы просяць:
- цырульню, каб было дзе падстрыгчы дзіця;
- майстра па вейках і бровах;
- кавярню, дзе каву вараць, а не наліваюць з аўтамата.
Хоцімскі райвыканкам сюжэт АНТ таксама заўважыў. Начальніца аддзела эканомікі Вольга Галанава пахваліла энергічных хлопцаў і паабяцала ім падтрымку.
Яшчэ райвыканкам збіраецца правесці сваё апытанне жыхароў – чаго не хапае аграгарадку.
Загадка Бярозак застаецца неразгаданай. Малады мінчук шукае ціхага жыцця ў адным з найбяднейшых раёнаў краіны і адкрывае там спачатку пункт выдачы заказаў, а потым манікюрны кабінет. Хто ён, на каго аформлены пункт выдачы і кабінет, хто яго «хлопцы» і хто прымае кліентак, дзяржаўнае тэлебачанне так і не расказала.
Ну, а скончыла сюжэт развагамі пра вясковую шчырасць. Гэта журналісцкі прыём, да якога звяртаюцца, калі больш няма чаго сказаць.
Фота АНТ.
