Хэнцій

Магілёўская вобласць плануе супрацоўнічаць з радзімай Чингісхана

Магілёўская вобласць з насельніцтвам у 962 тыс. чалавек дамовілася аб супрацоўніцтве з мангольскім аймакам Хэнцій, дзе жыве амаль на 900 тыс. чалавек менш.

Сёння ў Мінск прыехала прадстаўнічая мангольская дэлегацыя на чале з прэзідэнтам краіны Ухнаагійнам Хурэлсухомам. За ўсю гісторыю кіраўнік Манголіі упершыню наведвае Беларусь. 

У Палацы незалежнасці адбылося афіцыйнае падпісанне Пагаднення аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным, культурным, адукацыйным і сельскагаспадарчым супрацоўніцтве паміж Магілёўскай вобласцю Рэспублікі Беларусь і аймакам Хэнцій Манголіі. Дакумент падпісалі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка і губернатар аймака Хэнцій Аюурбунь Дамдзінжавын.

Калі паглядзець на гэтую мангольскую правінцыю больш уважліва, то акажацца, што колькасць яе насельніцтва ледзьве перавышае 78 тыс. чалавек, што прыкладна раўно насельніцтву трох сельскіх раёнаў Магілёўшчыны.

Пры гэтым амаль 76% ВУП аймака Хэнцій займае сельскагаспадарчая прадукцыя, больш за 90% якой займаюць прадукты жывёлагадоўлі. Аймак налічвае каля 2 млн. 200 тысяч галоў жывёлы. Па звестках аймачнай статыстычнай службы, 349 жывёлагадоўчых сем’яў вырошчваюць звыш тысячы жывёл кожная, з іх 26 сем’яў маюць да 3000 галоў жывёлы і 8 сем’яў – звыш трох тысяч кожная. Амаль 48% ад усёй колькасці сем’яў, якія пражываюць у дадзеным аймаке, займаюцца жывёлагадоўляй. Больш за 40% жывёлагадоўчых сем’яў маюць электрагенератары і 20% – аўтамашыны.

Найбольш знакамітым аймак Хэнцій робіць тое, што там у ХІІ стагоддзі нарадзіўся Чынгісхан. 

Фотаздымак: ezentguren.mn

← Усе навіны Магілёва