Станеўскі

У Магілёве з размахам адзначылі пяць гадоў кіравання арцыбіскупа Станеўскага

Упершыню шырока і з удзелам чыноўнікаў у Беларусі адзначылі чарговую гадавіну ўступлення на пасаду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага.

Месцам для святкавання пяцігоддзя кіравання Станеўскім архідыяцэзіяй абралі не мінскі архікатэдральны касцёл, а касцёл у Магілёве. Мерапрыемствы 24 кастрычніка 2026 года прайшлі пры актыўным удзеле свецкай улады. На іх прысутнічалі: 

– старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, спорце, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерый Малашка разам з жонкай Ірынай;

– намеснік старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Міхаіл Жудро;

– старшыня Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Святлана Сташэўская;

– галоўны спецыяліст па справах рэлігій і нацыянальнасцяў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Антон Лабаноўскі;

– начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандра Ігнаценка;

– старшыня праўлення Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Андрэй Нікіцін.

Чыноўнікаў “з пачуццём глыбокай пашаны” прывітаў Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі. Ён падзякаваў ім за прысутнасць і «за добрае узаемадзеянне паміж дзяржаўнымі інстытутамі, грамадскімі арганізацыямі і Каталіцкім Касцёлам дзеля духоўнага, культурнага і маральнага дабра нашага народа».

Сам юбіляр на пачатку ўступнай прамовы ў чарговы раз паўтарыў сваё выказванне: «Дзяржава і Касцёл – гэта сям’я сем’яў», адзначаючы: «Прысутнасць біскупаў, святароў і манаскіх асоб, вернікаў з Мінска і шматлікіх прадстаўнікоў дзяржаўных органаў мясцовага значэння сімвалічная і паказвае адзінства ў разнастайнасці».

На партале епіскапату пералічваецца, хто і як віншаваў арцыбіскупа Станеўскага. Андрэй Нікіцін падарыў каталіцкаму святару прапагандысцкую кнігу «Наш прэзідэнт».

Фотаздымак: ТГ “Хрысціянская візія”

← Усе навіны Магілёва