У Магілёве 24-гадовы мясцовы жыхар падмануў 48 грамадзян Беларусі і Расіі на 24,2 тыс. рублёў.
Амаль тры гады малады магілёвец прапаноўваў пакупнікам праз інтэрнэт брэндавае адзенне, абутак і аксесуары. Аднак пасля атрымання перадаплаты выконваць свае абавязацельствы не спяшаўся. Грошы ж пераважна прайграваў у віртуальных казіно.
Паводле Следчага камітэта, сваю дзейнасць мужчына распачаў у канцы чэрвеня 2023 года. Аб’явы размяшчаў на гандлёвай інтэрнэт-пляцоўцы, у месенджарах, сацыяльных сетках «УКантакце» і Instagram. Акрамя таго, сам адгукаўся на паведамленні людзей, якія шукалі пэўныя тавары.
Галоўнай умовай продажу была перадаплата. Атрымаўшы грошы, магілёвец звычайна нічога не адпраўляў. Калі ж пакупнікі пагражалі звярнуцца ў міліцыю, замест замоўленых рэчаў ім часам дасылалі бруднае і паношанае адзенне. Такім чынам прадавец, паводле следства, спадзяваўся пазбегнуць адказнасці.
Выкарыстоўваў ён і іншую схему: новым пакупнікам паведамляў рэквізіты банкаўскіх картак раней падманутых людзей. Так за кошт чарговых кліентаў часткова кампенсавалася шкода папярэднім.
Следчыя ўстанавілі, што да сярэдзіны жніўня 2026 года ад дзеянняў магілёўца пацярпелі 48 грамадзян Беларусі і Расіі. Агульная сума страчаных імі грошай склала 24,2 тыс. рублёў.
Судова-псіхіятрычная экспертыза выявіла ў абвінавачанага паталагічную схільнасць да азартных гульняў. Малады чалавек нідзе не працаваў і раней ужо быў судзімы за хуліганства і крадзеж. Цяпер яму інкрымінуюць махлярства, здзейсненае паўторна і ў буйным памеры. Магілёвец знаходзіцца пад вартай.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
