каравай

Каравай першы, збожжа чацвёртае: Магілёўская вобласць выйграла «бітву караваяў»

Магілёўская вобласць перамагла ў галасаванні за найлепшы каравай краіны, якое правёў тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі «Пул Першага». Другое месца ў Мінскай вобласці, трэцяе – у Брэсцкай. Канал паведаміў пра мінімальны адрыў паміж лідарамі і барацьбу да апошніх секунд.

Спаборнічалі караваі-«мільённікі»: кожная вобласць спякла свой пасля таго, як намалаціла мільён тон збожжа, і прывезла яго ў Палац Незалежнасці. Магілёўскі – паўтара метра вышынёй і сто кілаграмаў вагой, з пшаніцы новага ўраджаю.

У полі расклад быў іншым. Паводле даных Мінсельгасхарча на 9 кастрычніка, збожжа з рапсам і кукурузай вобласці намалацілі столькі:

  • Мінская – 2582 тысячы тон;
  • Гродзенская – 1913 тысяч;
  • Брэсцкая – 1806 тысяч;
  • Магілёўская – 1251 тысячу;
  • Гомельская – 1171 тысячу;
  • Віцебская – 1003 тысячы.

Магілёўская вобласць тут чацвёртая з шасці, і збожжа ў яе ўдвая менш, чым у Мінскай, чый каравай у галасаванні стаў другім.

У самім апытанні галасы размеркаваліся так:

  • Магілёўская вобласць – 110 836;
  • Мінская – 107 939;
  • Брэсцкая – 103 112;
  • Гомельская – 98 116;
  • Віцебская – 63 190;
  • Гродзенская – 58 275.

Усяго 530,3 тысячы галасоў. Першае і другое месцы раздзялілі менш за тры тысячы галасоў, а Гродзенская вобласць, другая ў краіне па намалоце, у галасаванні апынулася апошняй.

Падпісчыкаў у «Пула Первого» цяпер 283 829 – галасоў у апытанні амаль удвая больш. Галасаваць мог кожны, у каго была спасылка, а спасылкі ўвесь кастрычнік распаўсюджвалі раённыя газеты, кожная за сваю вобласць: «Новае Палессе» агітавала за Гомельскую з пазнакай «на правах рэкламы», газета Докшыцкага раёна – за Віцебскую, «Адзінства» – за Мінскую.

Паўмільёна – гэта галасы ўсіх шасці абласцей, але дзяржаўнае агенцтва прыпісала іх адной Магілёўскай. Насамрэч у яе крыху больш за адну пятую.

Узнагарода пераможцу тая ж, што і астатнім: караваі застаюцца ўпрыгожваць Залу ўрачыстых цырымоній Палаца Незалежнасці, а іх стваральнікаў запрасілі туды на экскурсію.

Калаж mogilev.media.

← Усе навіны Магілёва