1728 год. Нарадзіўся Марцін Пачобут-Адляніцкі.
Астраном і асветнік. Прафесар Віленскай акадэміі, рэктар Галоўнай школы ВКЛ.
Адзін з арганізатараў і першы дырэктар найстаражытнай у Еўропе Віленскай астранамічнай абсерваторыі. Каралеўскі астраном.
39 гадоў вёў астранамічныя назіранні, вызначыў геаграфічныя каардынаты Вільні, Гродна, Полацка, іншых гарадоў.
Актыўна падтрымаў паўстанне 1794 года.
Звяртаўся да Папы Рымскага, каб аднавіць езуіцкі ордэн.
У яго гонар названы кратар на Месяцы.
1876 год. Памёр Аляксандр Чаканоўскі.
Даследчык Сібіры.
За ўдзел у паўстанні 1863-1864 гадоў сасланы ў Сібір.
Па даручэнні Сібірскага аддзела Рускага геаграфічнага таварыства правёў геалагічныя даследаванні на поўдні Іркуцкай губерні.
Сабраў першыя дакладныя звесткі па геалогіі рэгіёна рэк Ніжняя Тунгуска, Лена і Алянёк.
На Ніжняй Тунгусцы адкрыў радовішча каменнага вугалю і графіту.
Яго імем названы краж паміж рэкамі Лена і Алянёк, горад у Іркуцкай вобласці і шэраг выкапнёвых раслін.

1880 год. У Магілёве нарадзіўся юрыст-міжнароднік Мікалай Краўчанка.
Паходзіў з магілёўскіх дваран. Прафесар Томскага універсітэта, стацкі саветнік (1913 год) кавалер ордэна святой Ганны. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі падтрымаў бальшавікоў і застаўся на прафесарскай пасадзе.
Займаўся міжнародным гуманітарным правам і тэмай правоў працоўных.
1885 год. Нарадзіўся Альбрэхт Антоні Радзівіл.
Палітычны дзеяч, адзін з лідараў «віленскіх кансерватараў». Падтрымліваў БНР.
Прыхільнік беларускай нацыянальнай ідэі. Сябе вызначаў як «тутэйшы».
Падчас Першай сусветнай вайны дазволіў на тэрыторыі Нясвіжскага замка размясціць шпіталь, штаб 2-й рускай арміі.
Арганізатар у Нясвіжы з’езда Радзівілаў (1915). Фінансаваў стварэнне польскіх войск у расійскай арміі.
У 1926 годзе на яго жыццё ажыццявіў замах з засады будучы Герой Савецкага Саюза і старшыня кіраўскага калгаса “Рассвет” Кірыл Арлоўскі.
З’яўляўся дзеячам Віленскага таварыства дабрачыннасці: падтрымліваў школы, студэнтаў, артыстаў, касцёлы. Займаўся аднаўленнем Нясвіжскага замка.
Памёр 18 снежня 1935 года ў Варшаве. Пахаваны ў радавой спачывальні.

1888 год. Дзень нараджэння шарыкавай асадкі: атрыманы першы патэнт на яе выраб Джонам Лаўдам.
У 1916 годзе на сваю мадэль асадкі атрымаў патэнт Ван Вечтэн Райзберг, у канцы 1930-х – венгерскі журналіст Джозэф Ласла Біро, у 1943 – амерыканец Мілтан Рэйналдс, у 1958 – француз Марсэль Бік (мадэль BIC).
1905 год. Нарадзіўся Андрэй Бембель.
Беларускі скульптар. Народны мастак Беларусі.
Аўтар бюстаў і помнікаў выбітных дзеячоў, элементаў аздаблення Дома ўрада, заляў Прэзідыума Вярхоўнага Савета, Тэатра оперы і балета БССР, купалаўскага тэатра, Дома Чырвонай арміі, гарэльефа «9 Мая 1945 года» Манумента Перамогі ў Мінску і іншых.
Адзін з аўтараў Кургана Славы Савецкай Арміі (1969), мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» (1971).

1918 год. Чырвоная армія змяніла нямецкія каравулы ў Магілёве.
У гэты дзень да гатэля «Брыстоль» на Дваранскай вуліцы на двух аўтамабілях прыбылі каравулы Чырвонай арміі і замянілі нямецкія, якія ахоўвалі важныя аб’екты горада. Пасля гэтага астатнія часткі кайзераўскіх войск пакінулі горад – толькі каля моста праз Дняпро можна было назіраць нямецкі пост.
1919 год. У газеце «Беларусь» апублікаваны верш Макара Краўцова «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».
Стаў гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі, таксама яго называюць “Ваярскі марш” ці “Ваяцкі гімн”.

1921 год. Афіцыйна адкрыўся Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Першыя рэальныя крокі да яго стварэння зрабіў Народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі ў сакавіку 1918 года.
Працу над праектам універсітэта ўзначальвалі М. Доўнар-Запольскі, Я. Карскі.
11 ліпеня 1921 года абнародаваны тэкст Дэкрэта аб адкрыцці БДУ.
Першым рэктарам стаў гісторык Уладзіміра Пічэта.
1 лістапада 1921 г. на трох факультэтах – рабочым, медыцынскім і грамадскіх навук – пачаліся заняткі для 1390 студэнтаў. Працавалі 14 прафесараў, 59 выкладчыкаў і 10 асістэнтаў.
Зараз у БДУ 26 факультэтаў, інстытутаў, 191 кафедра, 16 корпусаў, 8 000 супрацоўнікаў, 25 500 студэнтаў.

1921 год. У в. Аўсімавічы Бабруйскага раёна нарадзіўся Архіпенка Фёдар Фёдаравіч.
Герой Савецкага Саюза, лётчык-ас. Збіў асабіста 30 самалётаў праціўніка.

1936 год. Нарадзіўся Генадзь Цыхун.
Беларускі мовазнавец. Доктар філалагічных навук, прафесар. Акадэмік Міжнароднай акадэміі Еўразіі, сябра Міжнароднага камітэта славістаў.
Старшыня Камісіі ТБМ імя Ф. Скарыны (1991-1993), член Дзяржаўнай камісіі (1993-1994) па ўдакладненні правапісу беларускай мовы (старшыня Ніл Гілевіч).
Аўтар больш за 300 прац па тыпалогіі славянскіх моў і іх сувязях, моўных саюзах, гаворках Палесся і праблеме праславянскай мовы, па беларускай этымалогіі і дыялектнай мове, гісторыі і бібліяграфіі беларускай мовазнаўчай славістыкі.
Суаўтар «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» і «Тураўскага слоўніка».
1936 год. памёр Фердынанд Рушчыц.
Беларускі мастак, педагог.
Майстра краявідаў, ён бачыў тэмы для сваіх прац у кожным фрагменце беларускай прыроды.
Працаваў над кніжнай графікай: аформіў звыш 50 кніг. Аўтар дэкарацый для 15 тэатральных пастановак.
Палотны захоўваюцца ў музеях Польшчы, Літвы, Расіі, Беларусі, еўрапейскіх і амерыканскіх зборах.
Браў удзел у рэстраўрацыі Маці Божай Вострабрамскай.
Працаваў старшынёй камісіі па ахове помнікаў старажытнасці.

1988 год. Разагнаны міліцыяй мітынг-рэквіем «Дзяды» ў Мінску.
Арганізатары – Таварыства маладых літаратараў пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі «Тутэйшыя» на чале з А. Бяляцкім (Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года), «Мартыралог Беларусі» і аргкамітэт БНФ пад кіраўніцтвам З. Пазняка.
Асноўным акцэнтам Дзядоў было ўшанаванне памяці і адкрыццё праўды пра рэпрэсіі.
Мінгарвыканкам не даў дазволу на мітынг. Улады кінулі вялікія сілы з мэтай недапушчэння правядзення мітынгу.
Былі задзейнічаны 600 міліцыянтаў, курсанты навучальных устаноў МУС СССР, 30 міліцэйскіх, 2 пажарных машыны.
Улады спынілі рух двух апошніх станцый метро. Пасля 14:00 каля Маскоўскіх могілках міліцыя пад кіраўніцтвам міністра ўнутраных спраў Віктара Піскарова напала на дэманстрантаў, выкарыстоўвала газ «чаромха», гумавыя дубінкі.
Былі затрыманы 72 актывісты.
1993 год. Памёр Мікалай Цішачкін.
Беларускі акцёр. Заслужаны артыст.
Усе жыццё прысвяціў служэнню ў Беларускім тэатры імя Якуба Коласа.
Сярод роляў беларускага рэпертуару: Шкаляр, Самахвальскі («Несцерка» В. Вольскага), Тата («Зацюканы апостал» А. Макаёнка), Віктар Пятрэня («Вайна пад стрэхамі» паводле А. Адамовіча), Аляксандр II («Кастусь Каліноўскі» У. Караткевіча), а такжа ролі ў пастаноўках па п’есах А. Астроўскага, Ф. Дастаеўскага, А. Чэхава, У. Шэкспіра і іншых.

2019 год. У вёсцы Сава Горацкага раёна адкрылі памятны знак рэпрэсаванаму ў сталінскія часы пісьменніку-земляку Васілю Кавалю.
Васіль Каваль быў адной з ахвяр “чорнай ночы” беларускай культуры, калі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка былі расстраляны 132 дзеячы культуры і навукі.
