Асіповіцкі завод медыцынскіх вырабаў ТАА «МІЗ МЕДБЕЛРОС» рыхтуецца стаць першым у Беларусі прадпрыемствам, якое самастойна заточвае медыцынскія іголкі.
Дырэктар Алег Леўчык называе гэта лакалізацыяй і нагадвае, што пра яе важнасць неаднаразова казаў Лукашэнка.
Адкуль бярэцца ўсё неабходнае для новай іголкі, відаць з таго ж рэпартажу:
- металічныя трубкі-загатоўкі закупляюць у Кітаі;
- комплекс станкоў для заточвання купілі ў Кітаі;
- наладжваць станкі прыязджалі кітайскія спецыялісты;
- рэагенты для будучага гелю для прабірак збіраюцца браць у Расіі і Кітаі, а на заводзе іх толькі змяшаюць.
У Асіповічах застаюцца наразанне, шліфаванне, заточванне, мыццё і ўпакоўка, гэта значыць дапрацоўка чужога паўфабрыкату на чужым абсталяванні.
Гэта не лакалізацыя, а інтэграцыя – убудоўванне ў кітайскі вытворчы ланцужок на яго апошнім звяне.
Раней Беларусь купляла ў Кітая гатовую іголку, цяпер будзе купляць трубку і станкі, а заточваць сама. Сваёй працы стала больш, але залежнасць ад пастаўшчыка засталася ранейшай: перастане Кітай прадаваць загатоўкі або запчасткі да станкоў, і першае ў Беларусі заточванне іголак цалкам спыніцца.
Заточванне іголак прадпрыемства абяцала яшчэ ў канцы 2024 года – тады ўстаноўку абсталявання называлі найбліжэйшымі планамі. Праз два гады станкі стаяць у цэху, а заточванне па-ранейшаму значыцца сярод таго, што «з’явіцца ў найбліжэйшы час».
Паводле слоў дырэктара, завод «павялічвае лакалізацыю». Правільней было б сказаць, што Асіповічы сталі на адну аперацыю бліжэй да Кітая.
Фота «Асіповіцкі край».
