Эканамічны суд Магілёўскай вобласці разглядае справу аб банкруцтве аграрнай “дачкі” Беларускай нацыянальнай біятэхналагчнай карпарацыі ТАА «БНБК-АГРА Глуск».
Пра пачатак судовай працэдуры стала вядома з рашэння, апублікаванага ў Адзіным дзяржаўным рэестры звестак аб банкруцтве. Прадпрыемства, у развіццё якога ў свой час уклалі дзясяткі мільёнаў рублёў, цяпер не можа разлічыцца з крэдыторамі.
ТАА «БНБК-АГРА Глуск» стварылі ў 2022 годзе, калі Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя пачала актыўна пашыраць сваю сыравінную базу. Тады карпарацыі перадалі ў давернае кіраванне на тры гады акцыі трох сельгаспрадпрыемстваў Бабруйскага раёна і шасці – Глускага. Пазней пад патрэбы БНБК вырашылі вылучыць землі таксама ў Пухавіцкім, Асіповіцкім і Быхаўскім раёнах. Дарэчы, дырэктарам па сельскай гаспадарцы ЗАТ “БНБК” была Надзея Каткавец, якая цяпер кантралюе Магілёўскую вобласць.
Маштабныя планы патрабавалі адпаведных плошчаў. У 2023 годзе карпарацыя збіралася давесці выпуск прадукцыі да мільёна тон. Для гэтага неабходна было мець уласную надзейную сыравінную базу. Паведамлялася, што толькі ў развіццё сельскай гаспадаркі Глускага раёна БНБК інвеставала каля 60 млн рублёў.
Аднак цяпер яе глуская «дачка» знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі. Такое рашэнне назіральны савет карпарацыі прыняў яшчэ ў жніўні. Высветлілася, што проста закрыць прадпрыемства не атрымаецца: назапашаныя даўгі шматкроць перавышаюць яго маёмасць.
Паводле агучаных у судзе звестак, запазычанасць ТАА «БНБК-АГРА Глуск» перад крэдыторамі перавысіла 10,8 млн рублёў. Пры гэтым усе актывы кампаніі ацанілі прыкладна ў 116 тыс. рублёў. Больш за 112 тыс. рублёў з гэтай сумы складае дэбіторская запазычанасць – грошы, якія прадпрыемству яшчэ павінны вярнуць іншыя. Інакш кажучы, на кожны рубель актываў прыпадае больш за 90 рублёў даўгоў.
Наступнае судовае пасяджэнне прызначана на 29 студзеня 2027 года. Канчатковае рашэнне аб банкруцтве яшчэ не прынята, аднак суадносіны даўгоў і маёмасці пакідаюць няшмат падстаў для аптымізму.
Цяпер адзін з праектаў пашырэння сыравіннай базы БНБК, які пачынаўся з вялікіх вытворчых планаў і шматмільённых укладанняў, завяршае сваю гісторыю ў эканамічным судзе. Наступнае пасяджэнне па справе намечана на 29 студзеня 2027 года.
Фотаздымак: sb.by
