У Крычаве трох выпускнікоў дзяржаўнага аграрна-будаўнічага каледжа абавязалі заплаціць за “бясплатнае” навучанне з-за нежадання працаваць пад прымусам.
Як паведаміла раённая пракуратура, сёлета ў суд накіравалі тры пазовы на агульную суму больш за 18 тыс. рублёў у дачыненні гэтых маладых людзей. Яны не захацелі выконваць прамусовую працу па размеркаванні і аплочваць выдаткі, якія “сацыяльная” дзяржава панесла, навучаючы іх. Пры гэтым тое, што гэтая самая дзяржава ўтрымоўваецца за кошт падаткаплатнікаў, у ліку і бацькоў навучэнцаў, пракуратура не ўспамінае.
Адзін з хлопцаў паступіў у каледж у 2021 годзе, каб атрымаць прафесіі будаўніка і зваршчыка. Пасля заканчэння вучобы хлопец прыехаў на завод, куды яго размеркавалі, і прыступіў да працы. Аднак належнага часу не адпрацаваў і яго звольнілі за прагулы.
Другі малады чалавек скончыў каледж у 2025 годзе па спецыяльнасцях, звязаных з аддзелачнымі работамі і абслугоўваннем аўтамабіляў. Яго накіравалі ў будаўнічы трэст, але да працы выпускнік увогуле не прыступіў.
Пра трэцяга адказчыка пракуратура падрабязнасцяў не паведаміла.
У выніку суд задаволіў усе тры пазовы ў поўным аб’ёме. Цяпер былым навучэнцам давядзецца расплачвацца за адукацыю, якая называецца “бясплатнай”. Зрэшты, судовыя рашэнні яшчэ не набылі законнай сілы і могуць быць абскарджаныя.
Як ужо адзначалася ў раней апісаных падобных выпадках, суд дзейнічаў па беларускіх законах, але вынесенае ім пакаранне ёсць парушэннем правоў чалавека і Канстытуцыі РБ. Студэнты і навучэнцы ў Беларусі не падпісваюць асобны дагавор аб абавязковай адпрацоўцы бесплатна атрыманага навучання – яна навязваецца праз асобныя законы. Паколькі адсутнічае элемент добраахвотнасці, абавязковая адпрацоўка з’яўляецца прымусовай працай.
Згодна артыкулу 41 Канстытуцыі РБ, “прымусовая праца забараняецца, акрамя працы або службы на падставе судовай пастановы альбо ў адпаведнасці з законамі аб надзвычайным і ваенным становішчах”.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
