На выдвараную з Беларусі экс-палітзняволеную журналістку Белсата Кацярыну Андрэеву заведзена новая крымінальная справа.
Пра новую крымінальную справу журналістка сама распавяла ў Facebook. «Пакуль я падпісвала лісты – на любімай Радзіме таксама штосьці падпісвалі. Маму і тату заўтра выклікаюць у СК: новая крымінальная справа супраць мяне» – напісала яна.
У каментары «Белсату» Андрэева ўдакладніла, што бацькам патэлефанаваў следчы і запатрабаваў з’явіцца ў Следчы камітэт у Мінску. Пры гэтым самой справай займаюцца бабруйскія следчыя. Дзеля размовы з бацькамі журналісткі супрацоўнік СК паабяцаў спецыяльна прыехаць у сталіцу. Ці будзе гэта афіцыйны допыт, ці звычайнае апытанне, пакуль невядома. Не паведамляецца таксама, паводле якога артыкула распачалі новую крымінальную справу і што менавіта ставяць Андрэевай у віну.
Сама журналістка разглядае тое, што адбываецца, як працяг ціску на беларусаў, якія апынуліся за мяжой. «Гэта яшчэ раз паказвае, што ўлады працягваюць выкарыстоўваць гэты механізм транснацыянальных рэпрэсіяў» – лічыць яна.
Асаблівую ўвагу Андрэева звяртае на час з’яўлення новай справы. Паводле яе, гэта адбываецца напярэдадні магчымага чарговага раўнда перамоваў беларускіх уладаў з амерыканскім бокам. Журналістка нагадвае, што яе папярэдняе вызваленне таксама стала вынікам такіх дамоўленасцяў.
Яна не выключае, што новая справа можа мець дэманстратыўны характар. Аднак найбольш Кацярына непакоіцца не за сябе, а за бацькоў. Яны жывуць у Беларусі і, паводле журналісткі, маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем. Таму чарговы выклік да следчых можа стаць для іх дадатковым выпрабаваннем.
Андрэева адзначае, што з падобным ціскам сутыкаюцца і іншыя яе калегі, якія выехалі з краіны.
Нагадаем, што Кацярыну Андрэеву і яе аператара Дар’ю Чульцову, якая паходзіць са Шклова, затрымалі 15 лістапада 2020 года на мінскай «плошчы Перамен», адкуль яны вялі жывы эфір з акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі. 18 лютага 2021 года абедзве былі асуджаны на два гады калоніі. У ліпені 2022 года Кацярыне Андрэевай прызначылі новы тэрмін – восем гадоў калоніі паводле справы пра «здраду дзяржаве».
19 сакавіка 2026 года журналістку разам з іншымі палітвязнямі памілавалі і прымусова вывезлі ў Літву, адкуль яна пераехала ў Польшчу. Агулам за кратамі яна правяла больш за пяць гадоў.
Фотаздымак: Белсат
