Падвал дома на Ленінскай, 19 у Магілёве пераробяць пад кавярню з барам – гарвыканкам абвясціў грамадскія абмеркаванні праекта. Самі абмеркаванні пройдуць з 18 лістапада па 18 снежня, сход па справаздачы – 14-17 снежня.
Трохпавярховы дом на рагу з вуліцай Болдзіна пабудаваны ў пачатку мінулага стагоддзя. Да рэвалюцыі тут працаваў гатэль «Парыж» купца Гіршы Ландау, цяпер унізе крамы і офісы. У паведамленні будынак названы жылым і аднесены да гістарычнай забудовы цэнтра. Хоць кватэр там няшмат – у асноўным майстэрні мастакоў.
Заказчык – прыватнае прадпрыемства «Торгдзяржактыў». Яго дырэктар Карэн Памбухчан валодае рэстаранам «Беладжыа» і піцэрыяй «Пармезан». «Беладжыа» знаходзіцца ў суседнім доме – на Ленінскай, 21, там жа юрыдычны адрас прадпрыемства. Так што рэстаратар проста спускаецца ў падвал да суседзяў.
У падвале плануюць абедзенную залу на 56 пасадачных месцаў з барнай стойкай і асобныя ўваходы для гасцей і персаналу. Кухня будзе працаваць на паўфабрыкатах з мяса, птушкі і рыбы – да 100 умоўных страў за гадзіну і да 1200 за суткі. Працаваць кавярня будзе з 11:00 да 23:00 без выхадных, усе 365 дзён у годзе.
Альтэрнатыў у дакуменце тры: той жа праект, больш магутная кавярня – на 167 страў за гадзіну або адмова ад задумы. Другі варыянт адхілілі як больш дарагі, адмову – як упушчаную выгаду. Уздзеянне на навакольнае асяроддзе і здароўе людзей у абодвух варыянтах з кавярняй названа мінімальным.
Пасля абмеркаванняў справаздачу дапрацуюць да канца снежня, у студзені 2027 года яна пойдзе на дзяржаўную экалагічную экспертызу, рашэнне па аб’екце чакаецца ў студзені-лютым.
Месяц на заўвагі – гэта месяц для тых, у каго бар да адзінаццаці вечара апынецца проста пад падлогай.
Фота mogilev.media
