Беларуская федэрацыя коннага спорту абвясціла пра рашэнне выключыць дырэктара магілёўскага коннага цэнтра Яўгена Белавусава са свайго прэзідыума. Гэтае пытанне яшчэ павінна зацвердзіць канферэнцыя федэрацыі.
Канфлікт пачаўся ў верасні вакол двух спісаных спартыўных коней цэнтра – Вавілона і Элегіі. Як пісаў «Зялёны партал», жывёл адправілі на мясакамбінат.
Дзяўчаты, якія спрабавалі выратаваць коней, заяўлялі, што прыватныя ўладальнікі гатовыя іх выкупіць і забяспечыць далейшае ўтрыманне, але такой магчымасці ім не далі.
11 верасня яны апублікавалі відэазварот з тэрыторыі мясакамбіната. Паводле іх слоў, прадпрыемства два дні ўтрымлівала коней, пакуль яны звярталіся па дапамогу ў аблвыканкам і пракуратуру. Пазней дзяўчаты паведамілі, што Вавілона і Элегію выратаваць не ўдалося.
Белавусаў тлумачыў вываз жывёл іх цяжкім станам. Паводле яго слоў, старыя коні пакутвалі ад захворванняў дыхальнай сістэмы, што пацвярджаў ветэрынарны ўрач установы. У апублікаваным каментарыі дырэктар не ўдакладніў, куды менавіта іх вывезлі. Улады таксама тлумачылі рашэнне імкненнем засцерагчы наведвальнікаў цэнтра, у тым ліку дзяцей, ад назірання за жывёламі, якія пакутуюць, паведамляла «Люстэрка».
Такім чынам, спрэчка датычылася лёсу спісаных коней: аўтары звароту дамагаліся перадачы жывёл прыватным уладальнікам, а кіраўніцтва спасылалася на стан іх здароўя.
У лістападаўскай заяве федэрацыі канкрэтныя дзеянні Белавусава не пералічаны, але асобна падкрэслена права каня на гуманнае стаўленне пасля завяршэння спартыўнай кар’еры.
Як паведамляецца ў заяве федэрацыі, парушэнні з боку кіраўніка Магілёўскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па конным спорце і сучасным пяцібор’і разглядаюцца ў адпаведнасці са статутам арганізацыі і Кодэксам паводзін па забеспячэнні дабрабыту каня.
На пасяджэнні прэзідыума 5 лістапада было прынята рашэнне аб выключэнні Белавусава з яго складу з наступным зацвярджэннем канферэнцыяй.
Пра звальненне з пасады кіраўніка цэнтра ў заяве не паведамляецца.
Федэрацыя падкрэсліла, што здароўе і дабрабыт коней павінны заставацца галоўным прыярытэтам для ўсіх удзельнікаў коннага спорту. Завяршэнне спартыўнай кар’еры, паводле пазіцыі арганізацыі, не пазбаўляе жывёлу права на гуманнае стаўленне і выхад на пенсію.
У каментарыях карыстальнікі падзякавалі федэрацыі за рэакцыю, але некаторыя палічылі абвешчаную меру недастатковай. Яны звярнулі ўвагу на тое, што выключэнне з прэзідыума само па сабе не азначае адхілення ад кіраўніцтва цэнтрам, і спыталі пра далейшую адказнасць Белавусава.
Фота з інстаграм.
