TikTok

У Бабруйску адкрылася вакансія тыктокера

Незвычайную працу прапануюць у Бабруйску – здымацца для відэа ў TikTok. За танцы перад камерай абяцаюць плаціць да трох тысяч рублёў на месяц.

Вакансія для дзяўчат з’явілася на сайце praca.by. “У Бабруйску мы адкрываем уласныя танцавальныя студыі – прафесійна абсталяваныя пляцоўкі са святлом, гукам і касцюмамі, дзе каманды артыстаў праводзяць вячэрнія шоу-эфіры”, – распавядае пра сябе працадаўца, які называе сябе афіцыйным агенцтвам TikTok LIVE.

Працадаўца паведамляе, што адкрывае ў Бабруйску танцавальныя студыі і набірае каманды для вечаровых трансляцый. Працу параўноўваюць з тэатрам, толькі замест сцэны тут будуць камеры і гледачы ў інтэрнэце.

Ад кандыдатак патрабуюць няшмат: узрост ад 18 да 30 гадоў, пачуццё рытму і жаданне танчыць. Прафесійная харэаграфічная падрыхтоўка неабавязковая.

Працаваць непасрэдна ў студыі трэба будзе па тры гадзіны на дзень. Астатні час прадугледжаныя выхады ў эфір з уласнага акаўнта, прычым рабіць гэта дазваляецца з любога месца.

Гарантаваны заробак, паводле аб’явы, пачынаецца ад 2000 рублёў. Дадаткова абяцаюць 5% ад паступленняў падчас трансляцый.

Абяцаюць афіцыйную працоўную дамову і аплатны месячны выпрабавальны тэрмін. Сярод дадатковых заахвочванняў – абанемент у трэнажорную залу і квартальныя прэміі. Паводле прадстаўнікоў агенцтва, такую занятасць можна сумяшчаць з вучобай або іншай працай. 

Фотаздымак: streamo.agency

← Усе навіны Магілёва