Змагацца з кадравым голадам у Асіповіцкім раёне ўзялася пракуратура шляхам пагроз працадаўцам.
Занепакоеная адсутнасцю працоўных рук на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна пракуратура кінулася правяраць, як мясцовыя ўлады і кіраўнікі забяспечваюць сельскую гаспадарку, школы і медыцынскія ўстановы неабходнымі спецыялістамі. Высветлілася, што праблемы ў раёне не толькі з кадрамі, але і з умовамі, якія ствараюць, у прыватнасці, для маладых работнікаў.
У прыватнасці, у дзвюх сельскагаспадарчых арганізацыях ужо тры гады не хапае па два спецыялісты ветэрынарнай і заатэхнічнай службаў. Аднак з 2023 года гэтыя гаспадаркі не заключылі ніводнай дамовы на мэтавую падрыхтоўку кадраў.
Патрэба ў ветэрынарах, заатэхніках і спецыялістах па штучным асемяненні ёсць і ў іншых сельгасарганізацыях раёна. Але, як высветліла пракуратура, з 2023 года пытанні забеспячэння гэтымі работнікамі нават не разглядаліся на пасяджэннях райвыканкама.
Не ўсё добра і з выкананнем абавязацельстваў перад тымі, хто ўсё ж пагадзіўся працаваць па мэтавым накіраванні. Некаторыя сельгаспрадпрыемствы несвоечасова выплачвалі прадугледжаныя дамовамі дадатковыя штомесячныя стыпендыі.
Асобнай праблемай з’яўляецца жыллё для маладых спецыялістаў. За восем месяцаў 2026 года ў навучальныя ўстановы Асіповіцкага раёна размеркавалі шасцярых маладых работнікаў з іншых населеных пунктаў. Трое з іх жывуць у інтэрнаце, яшчэ трое вымушаныя здымаць жыллё. І гэта пры тым, што ў раёне налічваецца 208 незаселеных арэндных жылых памяшканняў. Праўда, самі ўстановы адукацыі з 2023 года не звярталіся ў райвыканкам з хадайніцтвамі аб выдзяленні такога жылля сваім супрацоўнікам.
Праверка выявіла і парушэнні працоўнага заканадаўства. Некаторых маладых спецыялістаў прыцягвалі да дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці з парушэннем устаноўленых патрабаванняў.
У выніку пракурор унёс прадстаўленне ў Асіповіцкі райвыканкам і запатрабаваў ліквідаваць выяўленыя недахопы. Выкананне патрабаванняў узялі на кантроль.
Фотаздымак: Генпракуратура РБ
