Прадпрыемства “Магілёўаблгаз” узяла на свой баланс занядбаную гаспадарку “Гарадзец”, якой калісьці кіраваў цяперашні беларускі дыктатар.
“У нас для вас сапраўды дзве выдатныя навіны. Па-першае, у нашай вялікай сям’і папаўненне: з 2 лістапада ў нас з’явіўся філіял СП «Гарадзец». А па-другое, нашу гаспадарку наведаў Лукашэнка і даў станоўчую ацэнку нашай працы” – хваліцца “Магілёўаблгаз” у сваім Інстаграме.
Варта нагадаць, што яшчэ ў траўні акцыі ЗАТ «АСБ-Агра Гарадзец» былі перададзены РУП “Магілёўаблгаз”. Да гэтага ім кіравала ўпраўленне справамі Лукашэнкі.
Штуршком да змены ўласніка “Гарадца” стала наведванне яго дыктатарам у верасні 2025 года. Тады ён заявіў, што, маўляў, недапрацоўкі з боку кіраўніцтва Шклоўскага раёна і Упраўсправамі “загубілі гаспадарку, якое стала хоць не горшым, але адным з горшых”.
“Сумна, вядома. Гэта горшая гаспадарка, якую я бачыў за апошнія два гады” – казаў Лукашэнка, які сам кіраваў “Гарадцом” з 1987 па 1994 гады.
І вось 5 лістапада 2026 года “сінія пальцы” зноў наведалі гаспадарку. Але цяпер дыктатар расхвальваў усё, што бачыў. “Тут курорт. Дзякуй Богу, што ў мяне гэтага не было – я б прэзідэнтам не стаў. Я б ніколі не з’ехаў з гэтай гаспадаркі, калі б у мяне было гэта ўсё» – хлусліва заявіў ён, бо з-за няўёмнай прагі ўлады быў гатовы адмовіцца ад пасады дырэктара якога заўгодна саўгаса, нават вельмі прыбытковага, якім “Гарадзец” ніколі не быў.
“Гаспадарка перажывае маштабную мадэрнізацыю. Менавіта з праверкі ходу гэтых работ і пачаўся візіт Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы наведаў ферму па развядзенні племянной жывёлы мясных парод, дзе яму далажылі аб бягучай рабоце і перспектывах развіцця прадпрыемства. А далажыў той, каго ён будучы дырэктарам саўгаса 32 гады таму прызначаў на пасаду загадчыка фермы Юрый Махорын. Юрый Мікалаевіч і сёння ўзначальвае ферму “Крывель” – несвядома выдае адну з прычын пастаяннага занядбання “Гарадца” “Магілёўаблгаз”.
Пры гэтым праграма мадэрнізацыі гаспадаркі на 2026-2027 гады прадугледжвае аб’ём фінансавання каля 86,5 млн рублёў. У план заклалі і ферму па гадоўлі племянной жывёлы мясных парод на 800 галоў. Туды ўжо завезлі 235 галоў маладняку герэфордской пароды.
Пагуляўшы па свайму былому месцу працы, нічога, акрамя беспадстаўнай пахвальбы, дыктатар не выдаў. “Адзінае на што можна звярнуць увагу – рэкамендацыя/загад вырошчваць мясных кароў” – адзначае Orsha.eu. Пры гэтым прагназуе, што з гэтай ідэі нічога асабліва не выйдзе.
“Бо шмат гадоў таму ў дзяржавы ўжо было жаданне павялічыць колькасць ялавічыны ў беларускіх крамах. Але гадаваць кароў на мяса доўга, і ў хуткім часе беларускія статкі пераарыентавалі на малако, якое прыносіць “хуткія” грошы. А дзяржава сёння патрабуе менавіта хуткіх грошай. Так што ідэя мяснога статка, відавочна, хутка сыйдзе на нішто, нягледзячы на грошы газаўшчыкоў” – падагульняе выданне.
Фотаздымак: ТГ “Пул первого”
