Да 13 гадоў зняволення завочна асудзіў Магілёўскі аблсуд палітычнага актывіста з Ельска Аляксея Зуевіча за нібыта “здраду дзяржаве”.
Справу сябра партыі “Народная Грамада” разглядалі ў парадку так званай спецвытворчасці, то бок завочна. Аляксею Зуевічу інкрымінавалі “іншае аказанне дапамогі замежнай дзяржаве і яе прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, скіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь”, што падпадае пад крымінальны артыкул аб здрадзе дзяржаве.
У чым канкрэтна заключалася “дапамога замежнай дзяржаве” і якія доказы былі пакладзеныя ў аснову абвінаваўчага прысуду, не паведамляецца.
Акрамя асноўнага прысуду, на Зуевіча наклалі штраф у памеры 1000 базавых велічыняў – 45 тыс. рублёў. Тэрмін пазбаўлення волі будуць адлічваць з дня затрымання Аляксея.
Першы раз падчас падзей 2020 года ельскага актывіста затрымалі ў жніўні.
На наступны дзень суд Ельскага раёна прызнаў Аляксея Зуевіча вінаватым у “парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства” і прызначыў яму 10 сутак арышту. Як расказвалі сябры актывіста, падставай стала тое, што ён раздаваў у цэнтры Ельска ўлёткі ў падтрымку Святланы Ціханоўскай. Міліцыя расцаніла гэта як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.
У траўні 2021 года мужчыну зноў затрымалі і правялі ў яго вобшук.
Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”
