Інспектары Быхаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету затрымалі у пойме Друці жыхара Магілёўскага раёна.
Рыбу ён лавіў 45 экранамі-тэлевізарамі, хоць аднаму рыбаку дазволена не больш за дзве такія снасці.
Быхаўская інспекцыя адказвае за Быхаўскі і Слаўгарадскі раёны, гэта значыць, па рыбу жыхар Магілёўскага раёна прыехаў да суседзяў.
На ваду браканьер выходзіў на надзіманай лодцы з магутным маторам.
Да прыезду інспектараў у снасцях было восем рыбін. Снасці, улоў і лодку з маторам канфіскавалі, парушальніку пагражае адміністрацыйная адказнасць.
Яшчэ аднаго парушальніка інспектары знайшлі на затоцы Проні каля вёскі Рабавічы. Ён выставіў 24 кружкі, таксама значна больш за норму. Злавіць нічога не паспеў, але для пратакола хапіла і саміх кружкоў.
Вынік двух рэйдаў: 69 снасцей на двух рыбакоў і восем рыбін.
