Індывідуальны прадпрымальнік з Магілёва, які аказваў спа-паслугі і рабіў масаж, тры гады хаваў наяўную выручку, высветлілі падаткавікі. Міма касы прайшло 206 тысяч рублёў. Яшчэ шэсць чалавек працавалі ў яго без працоўных і грамадзянска-прававых дагавораў.
Парушэнні выявілі аператыўнікі абласной падатковай інспекцыі. Затым інспекцыя Ленінскага раёна прапанавала прадпрымальніку самому падлічыць і заплаціць падаткі. Ён пагадзіўся і пералічыў 41,7 тысячы рублёў:
- падаходны падатак з самога прадпрымальніка – 31,25 тысячы;
- падаходны падатак з тых, хто працаваў без дагавораў – 6,5 тысячы;
- падатак пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання – 3,95 тысячы.
У бюджэт вярнулася прыкладна пятая частка таго, што прайшло міма касы.
Падаткавікі называюць такую выплату добраахвотнай. Добраахвотнасць наступіла пасля візіту аператыўнікаў.
Фота БелТА.
