Жудро

Першы сакратар Магілёўскага абкама КПБ сустрэў гадавіну рэвалюцыі ў скуранцы

На мітынгу 7 лістапада на плошчы Леніна ў Магілёве першы сакратар абласнога камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Міхаіл Жудро выступаў ў чорнай скураной куртцы і чырвоным гальштуку. З часоў Грамадзянскай вайны скуранка – форма камісараў і чэкістаў.

Убору адпавядала і прамова. Кастрычніцкую рэвалюцыю Жудро назваў народнай, якая адкрыла перспектыву сацыялізму, і «найунікальнейшым досведам у гісторыі ўсяго чалавецтва». Побач з ім віншавалі магіляўчан састарэлыя партыйцы, якія ўсё жыццё паспяхова ператваралі лозунгі ў асабістыя бонусы.

Абкамам Жудро кіруе з 2020 года. Акрамя таго, ён намеснік старшыні абласнога «савета дэпутатаў» і з 2016 года рэктар Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Сваю працу ва Усебеларускім народным сходзе Жудро апісаў коратка: «Працуем за ідэю!».

Яшчэ застаецца навука. Паводле ўласнай перадвыбарнай праграмы, у Жудро больш за сто навуковых публікацый і тры манаграфіі. Адна з прац 2023 года напісана разам з горацкім прафесарам-эканамістам Міхаілам Кірылавічам Жудро і называецца «Экспартная дыягностыка камплементарнасці smart-індустрыі Беларусі і Кітая».

Да павышэння кваліфікацыі педагогаў, дзеля якога існуе інстытут рэктара, экспарт у Кітай дачынення не мае.

Камісары ў скуранках калісьці сумяшчалі партыйную ўладу з дзяржаўнай. Магілёўскі першы сакратар дадаў да іх яшчэ і навуку.

Фота mogilevnews.by.

← Усе навіны Магілёва