Мішчанка Уладзімір

Крычаўскі камуніст заклікае да адкрытай размовы – толькі не пра гранты свайго музея

Раённая газета «Кричевская жизнь» апублікавала меркаванне лідара раённага аддзялення КПБ Уладзіміра Мішчанкі пра выступленне Лукашэнкі на Мінскай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы.

Мішчанка падзяляе занепакоенасць «нашага лідара» мілітарызацыяй і называе адкрытую размову апошнім рубяжом, які аддзяляе свет ад хаосу.

У Крычаве Мішчанку ведаюць перш за ўсё як дырэктара гістарычнага музея ў Палацы Пацёмкіна. Ён жа ўзначальваў раённы «Маладзёжны парламент» пры «савеце дэпутатаў» і быў дэлегатам VI Усебеларускага народнага сходу. За гэтыя гады музей двойчы атрымліваў гранты.

Першы прыйшоў з загніваючага Захаду. У 2020 годзе дырэктар расказваў, што музей выйграў 50 тысяч долараў Глабальнага экалагічнага фонду, а ўвесь бюджэт праекта склаў 100 тысяч долараў. Справаздача пра зробленае змясцілася ў некалькі пунктаў:

  • у парку каля палаца замянілі асвятленне, у будынку мянялі лямпачкі;
  • для кацельні, якая ацяпляе музей і суседнія дамы, купілі кацёл за 27 тысяч рублёў;
  • пазней у парку з’явіліся арт-аб’екты.

Са ста тысяч долараў дырэктар назваў кошт аднаго катла і эканомію на асвятленні парку – 600-700 рублёў у месяц.

Другі грант быў айчынным. У 2022 годзе супрацоўнікі музея выйгралі «Конкурс маладзёжных ініцыятыў» БРСМ, а дзяржаўная газета ў подпісе да здымка назвала гэты грант “прэзідэнцкім”.

Грошы прызначаліся на перасоўную выставу да Дня Перамогі «Гераічны летапіс Крычаўскага раёна» – планшэты на стойках пра вайну, акупацыю і вызваленне раёна.

Там жа Мішчанка дзяліўся марамі пра экскурсаводаў у касцюмах, аўдыягіды і сэнсарныя кіёскі.

Адкрытая размова, на думку Мішчанкі – апошні рубеж перад хаосам. Размова пра тое, у колькі абышліся планшэты на стойках, да гэтага рубяжа пакуль не дайшла.

Фота: «Крычаўскае жыццё».

← Усе навіны Магілёва