грошы казіно

Маці магілёўскай школьніцы прайграла ў казіно грошы яе аднакласнікаў на выпускны

Год калоніі з адтэрміноўкай атрымала магіляўчанка, якая сабрала грошы на выпускны вечар для аднакласнікаў яе дачкі, а потым выдаткавала іх на ўласныя патрэбы.

34-гадовая жанчына узялася арганізаваць свята для чацвёракласнікаў. Яна прапанавала бацькам аднакласнікаў сваёй дачкі заняцца арганізацыяй выпускнога. У бацькоўскім чаце яна паведаміла неабходную суму і даслала рэквізіты сваіх банкаўскіх картак.

Бацькі паверылі і пачалі пералічваць грошы. Аднак, паводле матэрыялаў справы, якую разгледзіў суд Ленінскага раёна Магілёва, жанчына ад самага пачатку не збіралася выконваць узятыя абавязацельствы. Каб стварыць бачнасць падрыхтоўкі да свята, яна забраніравала дату яго правядзення. Але дамову з арганізатарамі так і не заключыла, а перадаплату не ўнесла.

Тым часам сабраныя грошы пайшлі на асабістыя патрэбы магіляўчанкі, у тым ліку на азартныя гульні ў анлайн-казіно. Падман раскрыўся толькі ў дзень выпускнога. Бацькі самі звязаліся з арганізатарамі і даведаліся, што ніякай аплаты за свята не паступала. Вярнуць грошы жанчына не змагла, пасля чаго пацярпелыя звярнуліся ў міліцыю.

Як высветлілася, усяго з сакавіка па травень 2026 года магіляўчанка атрымала ад бацькоў шляхам падману больш за 2,3 тыс. рублёў.

У судзе яна цалкам прызнала віну. Пры вызначэнні пакарання ўлічылі шчырае раскаянне і наяўнасць малалетніх дзяцей на ўтрыманні.

За махлярства жанчыне прызначылі адзін год пазбаўлення волі, аднак пастанавілі не прыводзіць пакаранне ў выкананне, калі на працягу гадавога выпрабавальнага тэрміну яна не здзейсніць новага злачынства і будзе выконваць ускладзеныя на яе абавязкі.

Акрамя таго, суд задаволіў пазовы пацярпелых аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва