На свежым відэа з цэнтра Магілёва відаць, што тарэц камяніцы на Ленінскай, 5а – старадаўняга дома за ратушай, які рамантуюць пад аддзяленне амбасады Расіі – стаў гладкім. Мурал з гербам горада і «Пагоняй» зафарбавалі, хоць дзяржаўная экспертыза патрабавала захаваць роспіс.
Сцяну пафарбавалі ў два колеры – бэжавы і шэра-карычневы. Рамонт амаль завершаны: у доме ўсталявалі новыя вокны і дзверы, рабочыя дарабляюць ганак і пандус. Паводле пашпарта аб’екта, работы пачаліся 15 жніўня і павінны завяршыцца 14 лістапада.
Роспіс з’явіўся ў 2017 годзе да 750-годдзя Магілёва. Мастак Рыгор Шараеў перанёс на сцяну панараму горада з гравюры 1702 года і герб Магілёва, дзе над гарадской брамай змешчаны вершнік з мячом – «Пагоня».
Уцяпліць дом мінералаватнымі плітамі прадугледжваў яшчэ зацверджаны праект.
Тарэц экспертыза з яго выключыла: закрываць і зафарбоўваць сцяну з муралам забараніла, роспіс загадала захаваць. Чаму на апошнім этапе рамонту гэтае патрабаванне не выканалі, ніхто не патлумачыў.
Дом за ратушай належаў Музею гісторыі Магілёва і рыхтаваўся пад экспазіцыю і фонды.
У маі 2026 года Лукашэнка ўзгадніў перадачу будынка расійскім дыпламатам, а на рамонт з гарадскога бюджэту выдзелілі каля 613 тысяч рублёў. Узначаліць аддзяленне Уладзіслаў Дайнего – былы «міністр замежных спраў» непрызнанай «ЛНР», які не мае вышэйшай адукацыі.
З усяго праекта экспертыза абараняла адну сцяну. Яе і зафарбавалі. Мяркуючы па ўсім, ва ўгоду расіянам, якія адчуваюць сябе ў Магілёве гаспадарамі і не церпяць ніякіх праяў незалежнасці, а тым больш яе галоўнага сімвала – «Пагоні».
