бензін

Дваццаць пяць клімавіцкіх вадзіцеляў скралі 14,5 тон паліва

Дваццаць пяць крымінальных спраў было ўзбуджана ў Клімавіцкім раёне па 103 фактах шматлікіх крадзяжоў паліва.

Са снежня 2024-га па снежань 2025 года вадзіцелі аднаго з прадпрыемстваў электраэнергетычнай галіны раёна прысабечвалі паліва, якое атрымлівалі для службовых машын. Адны напаўнялі каністры непасрэдна з палівараздатачных калонак, другія злівалі гаручае з бакаў аўтамабіляў. 

Сумесная праверка выявіла 103 выпадкі крадзяжоў. У выніку пракуратура і Следчы камітэт распачалі 25 крымінальных спраў паводле фактаў прысваення даверанай маёмасці. Падлічаная шкода прадпрыемству склала звыш 38 тыс. рублёў.

Праўда, для дзевяці работнікаў справа скончылася без крымінальнага прысуду: з санкцыі пракурора вытворчасць спынілі, прымяніўшы адміністрацыйныя спагнанні.

А вось 16 вадзіцеляў атрымалі абвінаваўчыя выракі судоў Клімавіцкага і Краснапольскага раёнаў. Большасць спраў разглядалі непасрэдна на прадпрыемстве ў выязных судовых пасяджэннях. Усю нанесеную шкоду абвінавачаныя кампенсавалі.

Як прыклад прыводзіцца факт злачыннай дзейнасці аднаго з  асуджаных. За адзінаццаць месяцаў 2025 года ён скраў больш за 900 літраў дызельнага паліва коштам звыш 2,3 тыс. рублёў.

Суд прызначыў яму год пазбаўлення волі, штраф у 50 базавых велічынь (больш за 2,2 тыс. рублёў) і на год забараніў займаць пасады, звязаныя з улікам, захоўваннем і распараджэннем матэрыяльнымі каштоўнасцямі.

Праўда, у калонію мужчына не адправіцца, калі на працягу гадавога выпрабавальнага тэрміну выканае ўстаноўленыя судом умовы. Прысуд уступіў у законную сілу.

Пасля разгляду гэтай справы суд па ініцыятыве дзяржаўнага абвінаваўцы прапанаваў вышэйшай арганізацыі перагледзець нормы расходу паліва, каб прыбраць перадумовы для новых крадзяжоў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва