У Быхаве адкрылі скульптурную кампазіцыю «Жанчыне-маці» да Года беларускай жанчыны: маці і сын у сялянскім адзенні пачатку XX стагоддзя, высечаныя з аднаго гранітнага блока.
Усталявалі яе па ініцыятыве грамадскіх арганізацый і «маладзёжнага савета» пры раённым «савеце дэпутатаў», грошы выдзеліла Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых «саветаў дэпутатаў».
Аўтар – магілёўскі скульптар Аляксандр Мінькоў, член Беларускага саюза мастакоў. Ён паабяцаў, што праца будзе радаваць быхаўчан не адну сотню гадоў.
Глядзець ім давядзецца на маці з ненатуральна вывернутай шыяй і на сына, які са спачуваннем глядзіць на маці.
Быхаўская кампазіцыя працягвае серыю. За два месяцы на Магілёўшчыне адкрылі тры працы Мінькова, і на кожнае адкрыццё прыязджала начальства:
- «Алесь і Алеся» ў Касцюковічах – 5 верасня, на Дні беларускага пісьменства, покрыва здымалі Наталля Пяткевіч і Анатоль Ісачанка;
- бюст Героя Сацыялістычнай Працы Ніны Баранавай у Гарадцы Шклоўскага раёна – 10 кастрычніка, на абласных «Дажынках», адкрывалі Дзмітрый Крутой і той жа Ісачанка;
- «Жанчыне-маці» ў Быхаве – 6 лістапада.
Касцюковіцкая пара паводле верша Аркадзя Куляшова зроблена з палімера, пафарбаванага пад бронзу. Хлопец абхоплівае талію дзяўчыны вялізнымі бясформеннымі пальцамі, а разгорнутую кнігу трымае ў яе за спінай – чытаць яму даводзіцца скрозь каханую. Віцэ-прэм’ера і старшыню аблвыканкама гэта не збянтэжыла.

Да гэтай восені Мінькоў рабіў пераважна памятныя знакі і сімвалічную пластыку ў камені, напрыклад «Звон цішыні» на месцы Саборных могілак у Магілёве. Чалавечая фігура яму не даецца, але заказваюць яму цяпер менавіта фігуры – да кожнага абласнога свята.
Фота: «Маяк Прыдняпроўя».
